Некаторыя кнігі ў Беларусі прызнаныя экстрэмісцкімі матэрыяламі. Таксама нядаўна экстрэмісцкім фарміраваннем прызналі шэраг выдавецтваў – выдадзеныя імі кнігі могуць знайсціся дома ў жыхароў Гродна. Гродзенец спытаў ва УУС Гродзенскага аблвыканкама, што рабіць, калі дома выявіцца такі экзэмпляр. Адказ трапіў у рэдакцыю Hrodna.life.

Сярод іншага, гродзенец спытаў, ці можна захоўваць такія кнігі дома. Ці не палічаць распаўсюджваннем іх адпраўку ў смеццевы кантэйнер ў двары? Можа, іх прасцей спаліць на дачы?

“У выпадку выяўлення вамі друкаванай прадукцыі, прызнанай экстрэмісцкімі матэрыяламі, вы маеце права звярнуцца ў органы ўнутраных спраў па тэлефоне лініі “102” альбо ў аддзел ідэалогіі Гродзенскага гарадскога выканаўчага камітэта”, — адказалі ва УУС. Таксама пра гэта можна спытаць свайго ўчастковага. Ці пакараюць чалавека, у якога дома ёсць “экстрэмісцкая” кніга, ва УУС не ўдакладнілі.

Мінінфарм – пра “экстрэмісцкія” кнігі

Сваё меркаванне аб экстрэмісцкай прадукцыі даў і Мініформ. Згодна з ім, кнігі, якія трапляюць у спіс забароненых, нельга распаўсюджваць у Беларусі. У бібліятэках выдання адразу знікаюць з паліц, знікаюць яны і з крамаў, з сайтаў маркетплейсов.

«Калі кніга ў чалавека ўжо набытая, напрыклад, да траплення ў спіс, у нас забаронена яе распаўсюджваць. Гэта значыць ты не маеш права гэтую кнігу прадаць, перадаць, падарыць. Гэта будзе парушэннем заканадаўства”, – распавёў намеснік міністра інфармацыі Беларусі Дзяніс Язерскі.

Што ўсё ж такі можна зрабіць з такой літаратурай і як ад яе пазбавіцца, так і не сказалі.

Чытайце таксама: У вобласці зменшылася колькасць адміністрацыйных спраў за распаўсюджванне экстрэмізму

Ахвяруй 1,5% ад падаткаў у Польшчы