У Свіслачы зноў зрабілі першыя гаршкі, збаны і вазы ў тэхніцы чорнаглянцаванай керамікі. Так аднаўляюць традыцыйнае майстэрства, якое было страчана дваццаць гадоў таму.

Чорная кераміка ёсць у многіх народаў свету. У розных краінах тэхніку асвоілі яшчэ ў Сярэднявеччы. Асаблівасць чорнай керамікі ў тым, што падчас абпалу гліна прасачваецца дымам, дзякуючы чаму вырабы набываюць цёмны колер і становяцца больш практычнымі. У такім посудзе даўжэй захоўваюцца малочныя прадукты і мёд.

Поразава было цэнтрам ганчарнага рамяства

На Гродзеншчыне яно асабліва развіта было ў мястэчку Поразава, дзе гліняныя вырабы з чорным глянцам рабілі ў многіх сем’ях. У наваколлі населенага пункта да гэтага часу ёсць паклады гліны. А вось майстэрства было страчана, хоць яшчэ некалькі дзесяцігоддзяў таму тут усё яшчэ выраблялі такую кераміку.

Самай вядомай лічылася сям’я Шопікаў. Майстар Іосіф Шопік захоўваў традыцыю да канца XX стагоддзя. А яго працы атрымалі бронзавы медаль на ВДНГ СССР і трапілі ў музейныя калекцыі. Пры гэтым ганчарнае кола, якое калісьці прывезлі для сям’і з Амерыкі, сёння захоўваецца ў гісторыка-археалагічным музеі ў Гродне.

Як адраджаюць рамяство

Да адраджэння рамяства ў Свіслацкім раённым цэнтры культуры і народнай творчасці пачалі рыхтавацца за некалькі гадоў. У канцы 2025 года тут усталявалі спецыяльную двухкамерную печ для абпалу. Майстар Яўген Мацешук вывучыў старую тэхналогію і правёў першы эксперыментальны абпал, паведамляе БЕЛТА.

Працэс займае некалькі сутак. На Гродзеншчыне адраджаюць старадаўняе ганчарнае рамяство
Майстар Яўген Мацешук. Фота: zviazda.by

Сам працэс займае некалькі сутак. Печ награваюць каля дзесяці гадзін да тэмпературы прыкладна 800°C. Затым закладваюць сырыя бярозавыя дровы і засыпаюць печ пяском. Вырабы можна дастаць толькі праз тры дні.

Майстар-класы і турыстычны маршрут

У цэнтры культуры таксама падрыхтавалі праект «Гліняная феерыя: ад вытокаў да традыцыі». Плануюць праводзіць майстар-класы па ганчарстве, семінары і выставы. Рамяство хочуць уключыць у турыстычныя праграмы. Для турыстаў рыхтуюць тур выхаднога дня «Тут не багі гаршкі абпальваюць».

Ахвяруй 1,5% ад падаткаў у Польшчы