Архітэктар Віктар Варабей з гродзенскага праектнага бюро «Інтэлсток Інжынірынг» паказаў у Instagram, як будзе выглядаць пасля рэканструкцыі закінуты дом на вуліцы Будзённага, 52. Будынак побач з польскім консульствам шмат гадоў стаіць закінуты.

На публікацыю звярнуў увагу канал Urban Hrodna.

«Канцэпцыя заключалася ў захаванні ўнікальнасці горадабудаўнічага асяроддзя, маштабу і гарманічнага ўзаемадзеяння «старога» і новага. Участак, адведзены пад будаўніцтва – складаны, размяшчаецца ў глыбіні ад чырвонай лініі вуліцы, фактычна ў яме. На ўчастку знаходзіцца двухпавярховы цагляны атынкаваны дом. Гэты будынак быў істотна перабудаваны незадоўга да вайны і ў пасляваенныя гады, а таксама доўгі перыяд не эксплуатаваўся. Новы аб’ём узводзіцца ў большых габарытах і нібыта ўкрывае «стары». Для раскрыцця старога цаглянага будынка ў новага аб’ёму зразаецца вугал. Атрыманы зрэз запаўняецца празрыстым і зацемненым шэрым шклом. Праз фасадную сетку праглядаюцца цагляныя фрагменты старога будынка, захоўваючы сувязь паміж «старым» і новым», – напісаў у сацсетцы Віктар Варабей.

У 2025 годзе гэты праект адзначылі дыпломам першай ступені на XXII Рэспубліканскім конкурсе на лепшы архітэктурны твор. Акрамя таго, гэты праект атрымаў спецыяльны дыплом ад спонсара фестывалю. Над праектам, акрамя Віктара Вараб’я працаваў таксама канструктар Вадзім Жук. На тым жа конкурсе адзначылі будынак на Вялікай Траецкай, 25 і канцэпцыю ўпарадкавання набярэжнай ад «Інтэлсток Інжынірынг». Над імі працавала тая ж каманда архітэктараў.

Што за дом на Будзённага, 52?

Дом на Будзённага, 52 (дом Кругмана) пабудаваны ў пачатку XX ст. у стылі прымітыўнай эклектыкі. Дэкор моцна пацярпеў падчас капітальнага рамонту ў савецкія часы. Пазней, у 2000-я, жыхароў адсялілі і будынак доўга стаяў пусты і прыходзіў у заняпад. Аднойчы яго выкупіў інвестар з мэтай адкрыць кафэ, але ў выніку нічога не зрабіў. У 2023-м дом зноў выставілі на аўкцыён і пасля некалькіх спроб прадалі мінскай фірме “Актыўдэвелопмент”. У 2025 годзе праходзіла грамадскае абмеркаванне праекта.

Канал Urban Hrodna адзначае, што сярод умоваў аўкцыёна ў 2023 была забарона на неабгрунтаванае змяненне характару архітэктуры фасада. Сам будынак не з’яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю, але знаходзіцца ў гістарычным цэнтра Гродна. Менавіта таму радыкальныя змены забаронены. Але праект «Інтэлсток Інжынірынг» цалкам змяняе і фасад, і аб’ём старога будынка.

Раней паводле праекта той жа «Інтэлсток Інжынірынг» цалкам зруйнавалі камяніцу пачатку XX ст. на Васілька, 5. На яе месцы будуюць муляж з пенаблокаў, якія абкладуць арыгінальнай цэглай, каб будынак нагадваў страчаны.

Ахвяруй 1,5% ад падаткаў у Польшчы