Аглядальную пляцоўку каля Новага замка ў Гродне добраўпарадкоўваюць: на тэрыторыі ўжо ўкладваюць плітку. Рамонтныя работы выклікалі неадназначную рэакцыю — адны гараджане шкадуюць аб страце асаблівай атмасферы, іншыя лічаць аблагароджванне лагічным рашэннем, бо месца карыстаецца папулярнасцю ў турыстаў.

Змены на схіле каля Новага замка анансаваў дэпутат Гродзенскага гарадскога Савета і дырэктар тэлеканала «Гродна Плюс» Сяргей Мазайла.

Ён падымаў тэму аглядальнай пляцоўкі каля Новага замка яшчэ ў 2024 годзе. Пост з фармулёўкай «месца вытаптана, можа пара добраўпарадкаваць» тады ён апублікаваў у сваім Telegram-канале. Там жа ён паведаміў, што пытанне з аблічбоўкай пляцоўкі будзе вырашана. Больш за тое — ужо гатовы праект рэканструкцыі ўсяго дворыка Новага замка.

«Я патрабую кнігу скаргаў». Каля Новага замка ўладкуецца стыхійная аглядальная пляцоўка: не ўсе гродзенцы задаволеныя

Праз амаль два гады ён напісаў:

«Зараз на тэрыторыі Новага замка ідуць рамонтныя работы, якія закранулі і гэтае любімае месца ў турыстаў і жыхароў горада. Яно не было абсталявана для наведвання, але стала вельмі папулярным з-за віду. Яго абсталююць і забяспечаць доступ. Як звычайна, нічога лішняга».

У Threads разгарнулася дыскусія пад іншым постам аб пераўтварэнні аглядальнай пляцоўкі каля Новага замка.

«Я патрабую кнігу скаргаў». Каля Новага замка ўладкуецца стыхійная аглядальная пляцоўка: не ўсе гродзенцы задаволеныя
Аглядальная пляцоўка каля Новага замка. Фота: t.me/mazajlo

Праціўнікі добраўпарадкавання

«Бывайце, утульныя гродзенскія пікнікі з відам на замак», — напісала адна з каментатарак.

«Можна лічыць мяне “стараверам”, але быў там асаблівы кайф — пералазіць праз плот, падаць на газон пад ценем дрэва, слухаць вецер, горад. Было ў гэтым штосьці наша, гродзенскае, асабістае. Асабліва перад натоўпамі турыстаў. Ці быць там з кавай або ліманадам [з відам] на заход сонца. Як варыянт — прыбраць адно звяно плота, што прымыкала да будынка. А цяпер плітка і плітка. Чарговая», — сумуе адна з гродзенак.

Іншы карыстальнік: «Ну гэта проста жах… Навошта? Так вайбова было прысесці каля дрэва і глядзець, што там унізе адбываецца. А цяпер — прыйшоў, пастаяў і сышоў. Мдаа».

Нехта напісаў, што «патрабуе кнігу скаргаў».

Прыхільнікі зменаў

«Нарэшце! Даўно пара было там усё давесці да ладу, усё вытаптана было. Крута, калі паставяць лаўкі і пакінуць месца для пікнікоў», — напісала адна з каментатарак.

Нехта распавёў, што добраўпарадкаванне тэрыторыі на стыхійнай аглядальнай пляцоўцы маглі б зрабіць і раней.

«Гэта б пачалося раней, але доўгі час комплекс будынкаў належыў не толькі музею. Напрыканцы 2025 канчаткова з’ехаў гарадскі архіў і таму музей пачаў рэстаўрацыю. Рэстаўрацыя закранае толькі курданёр (парадны двор перад будынкам палаца — Hrodna.life). Там у Старога замка яшчэ да палацу не перайшлі».

«Я патрабую кнігу скаргаў». Каля Новага замка ўладкуецца стыхійная аглядальная пляцоўка: не ўсе гродзенцы задаволеныя
Аглядальная пляцоўка каля Новага замка. Фота: t.me/mazajlo

Нехта выказаў здагадку, чаму тэрыторыю добраўпарадкоўваюць:

«Турысты даведаліся пра выдатную аглядальную пляцоўку — спачатку зрэзалі плот, каб не перашагваць, але траўка пад дрэвамі хутка была вытаптана натоўпамі ахвотных. Таму лагічна прыйшлі да такога рашэння».

Ідэю дадаць кавярню прапанаваў яшчэ адзін карыстальнік:

«Яшчэ кавяраньку трэба зрабіць у будынку, што каля гэтай пляцоўкі. [Ад] кліентаў адбою б не было».

Што за пляцоўка?

«Народная» пляцоўка размяшчаецца справа ад уваходнай брамы на тэрыторыю Новага замка. Яна вытаптана, і патрапіць на яе можна, толькі пералазячы праз плот, бо праходу няма. Часцей за ўсё гродзенцы збіраюцца там, каб назіраць за захадам сонца або проста пасядзець пад дрэвамі з кавай і прыгожым відам. Многія фатаграфуюцца ў гэтым месцы на фоне Старога замка.

Ахвяруй 1,5% ад падаткаў у Польшчы