У Гродне абмежавалі доступ да лесвіцы ў двары дома на Савецкай плошчы, 2. Нядаўна яна стала папулярнай у TikTok дзякуючы віду на Фарны касцёл і цэнтр горада. На ўваходзе размясцілі папярэджанне аб забароне праходу.
Ніжнія парэнчы лесвіцы абматаны сігнальнай стужкай, побач усталявана таблічка «Уваход забаронены». Таксама на месцы вядзецца відэаназіранне, паведамляе «Гродна Плюс».
Лесвіца знаходзіцца ў двары жылога дома і прызначана для пажарнай эвакуацыі. Нягледзячы на гэта, апошнім часам яна прыцягнула ўвагу карыстальнікаў сацсетак як фоталакацыя з відам на гістарычны цэнтр горада.

Дзе ў Гродне можна паглядзець на горад з вышыні
У Гродне ёсць некалькі месцаў, адкуль можна паглядзець на горад з вышыні.
Аглядальная пляцоўка на вуліцы Дарвіна знаходзіцца ў невялікім скверы на беразе Нёмана. Адсюль адкрываюцца віды на Стары і Новы замкі, Фарны касцёл, Барысаглебскую царкву і цэнтр горада.
Яшчэ адзін пункт — пляцоўка «Дахі старога горада» на даху былога ўнівермага на Савецкай. Яе плошча складае каля 800 квадратных метраў. Падняцца можна на панарамным ліфце або па лесвіцы.
Паглядзець на горад зверху можна і са Свята-Пакроўскага сабора на вуліцы Ажэшкі. Супрацоўнікі храма праводзяць экскурсіі на вежу за ахвяраванне.
Часам для наведвальнікаў адчыняюць і пажарную каланчу на Замкавай вуліцы вышынёй каля 32 метраў. Унутры працуе музей гісторыі пажарнай службы.

Час ад часу ў горадзе праводзяць экскурсіі з пад’ёмам на адну з вежаў Фарнага касцёла, адкуль адкрываецца панарама гістарычнага цэнтра.
Таксама можна падняцца на аглядальную пляцоўку ў Старым замку, адкуль адкрываецца від на Нёман і цэнтр горада. Наведванне ўваходзіць у кошт уваходнага білета ў музей.




