Падзенне з вышыні застаецца адной з самых частых прычын траўмаў на працы ў Гродзенскай вобласці. У мінулым годзе па гэтай прычыне пацярпелі 25 работнікаў. Сем чалавек загінулі, 13 атрымалі цяжкія траўмы, яшчэ пяць — траўмы, якія не адносяцца да цяжкіх.
У мінулым годзе некалькі трагічных выпадкаў адбыліся на прадпрыемствах вобласці, паведамляе партал proregion24.by са спасылкай на ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Гродзенскага райвыканкама.
Так, у Лідзе работнік выконваў абмотку вентыляцыйных труб. Спускаючыся па лесвіцы, ён аступіўся і ўпаў на бетонную падлогу. Атрыманыя траўмы аказаліся смяротнымі.
Яшчэ адзін выпадак адбыўся ў Лідскім раёне. Рабочы праводзіў замеры на вышцы-туры і ўпаў з вышыні каля 1,8 метра на бетон. Ён атрымаў траўму галавы. Пры гэтым у яго крыві выявілі 1,47 праміле алкаголю.
Падобнае здарэнне адбылося ў Слонімскім раёне. Падчас дэмантажу драўляных канструкцый у былым агароднінасховішчы рабочы ўпаў з вышыні каля 1,4 метра на падлогу.
А ў Шчучынскім раёне муляр паслізнуўся на даху кароўніка, які будаваўся, і ўпаў з вышыні больш за тры метры на бетоннае пакрыццё.
Прычына вытворчых траўмаў
Спецыялісты адзначаюць, што такія выпадкі часцей за ўсё адбываюцца з-за невыканання правіл бяспекі пры працы на вышыні.
У той жа час у мінулым годзе ў вобласці знізілася агульная колькасць пацярпелых на вытворчасці. Калі ў 2024 годзе траўмы атрымалі 208 работнікаў, то ў 2025-м — 179. Паменшылася і колькасць загінулых: з 18 да 13 чалавек. Таксама стала менш работнікаў, якія атрымалі цяжкія і лёгкія траўмы. Пры гэтым двое пацярпелых знаходзіліся ў стане алкагольнага ап’янення.
Праваабаронца пра праблемы захавання бяспекі на прадпрыемствах
Раней праваабаронца і прафсаюзны юрыст Леанід Судаленка ў інтэрв’ю Hrodna.life адзначаў, што на кожным прадпрыемстве павінны працаваць прафсаюзныя тэхнічныя інспектары. Яны сочаць за тэхнікай бяспекі і патрабуюць ад наймальнікаў забяспечваць работнікаў сродкамі індывідуальнай абароны — рукавіцамі, рэспіратарамі, ахоўнымі акулярамі і спецвопраткай.
Таксама Судаленка падкрэсліваў, што вытворчы траўматызм застаецца вельмі распаўсюджанай праблемай. Але ў той жа час работнікі нярэдка баяцца патрабаваць захавання правіл бяспекі: асцерагаюцца, што пасля заканчэння кантракта іх проста звольняць, а знайсці новую працу, асабліва ў невялікіх гарадах, бывае вельмі складана.




