Частку арыштаванай маёмасці гродзенскага журналіста і праваабаронцы Уладзіміра Хільмановіча плануюць прадаць праз аўкцыён для пагашэння буйнога штрафу, прызначанага судом. Пра гэта паведамляе «Беларуская асацыяцыя журналістаў».
Аддзел прымусовага выканання Ленінскага раёна Гродна накіраваў журналісту афіцыйны дакумент: яго двухпакаёвую кватэру на вуліцы Церашковай ацанілі ў 126 тысяч рублёў. Ацэнку праводзіў мясцовы філіял РУП «БелЮрЗабеспячэнне» 25 лютага 2026 года. Гэта дзяржаўнае прадпрыемства ўваходзіць у сістэму Міністэрства юстыцыі і займаецца, сярод іншага, продажам канфіскаванай і арыштаванай маёмасці праз аўкцыёны.
Дата таргоў пакуль не прызначана, і Уладзімір толькі здагадваецца, як усё будзе адбывацца.
«Штраф складае 40 тысяч беларускіх рублёў, а кватэра каштуе ў тры разы даражэй. Я чуў, што грошы, якія павінны застацца пасля кампенсацыі штрафу, перавядуць на мой банкаўскі рахунак. Рахунку ў мяне ў Беларусі няма — хіба што мне яго адкрыюць. І яшчэ: калі гэтыя грошы я не забяру, іх пазней вымуць на карысць дзяржавы», — распавёў журналіст.
У кватэры плошчай 50 кв. м, акрамя Уладзіміра, зарэгістраваны яго старэйшы сын, таму нерухомасць будуць прадаваць разам з прапісанымі жыхарамі.

Продаж іншай маёмасці журналіста
Раней у сакавіку 2026 года з аўкцыёну спрабавалі прадаць дачу Хільмановіча ў вёсцы Навасёлкі Мастоўскага раёна, аформленую як «сельскі клуб». Журналіст марыў зрабіць там месца для сямейнага адпачынку, але на гэта патрабаваліся вялікія ўкладанні. Драўляны будынак, які патрабуе сур’ёзнага рамонту, ацанілі ў 5 040 рублёў. На аўкцыёне, прызначаным на 19 сакавіка, пакупніка не знайшлося.
Праваабаронцу Уладзіміра Хільмановіча ў жніўні 2024 года завочна асудзілі ў Гродзенскім абласным судзе. Па трох артыкулах яму прызначылі пяць гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму і штраф у памеры 1 000 базавых велічынь (40 000 рублёў). Грошы пойдуць на спагнанні па справе. Мужчына з 2021 года жыве ў Польшчы.




