Слонімчанка Аксана Саўчук дапамагае бяздомным сабакам – утрымлівае жывёл на сваім участку. У сакавіку стала вядома, што да валанцёркі прыйшлі прадстаўнікі райвыканкама і ЖКГ – хацелі пералічыць сабак. Аксана не пусціла чыноўнікаў на ўчастак, піша BGmedia.
Чыноўнікі прыйшлі да Аксаны без папярэджання. Валанцёрка ўпэўнена, што супрацоўнікі райвыканкама і ЖКГ звярнулі на яе ўвагу пасля скарг суседа. Паводле яе слоў, той накіраваў ужо некалькі дзясяткаў заяў, у якіх пісаў аб антысанітарыі, непрыемным паху і вялікай колькасці жывёл. Жанчына таксама лічыць, што сусед сочыць за яе дзейнасцю ў сацыяльных сетках і выкарыстоўвае апублікаваныя ёй відэа як падставу для скаргаў.
Тым не менш Аксана не пусціла правяраючых на свой участак – заявіла, што лічыць іх дзеянні парушэннем правоў уласніка. Пра гэта жанчына расказала 12 сакавіка ў сваім Instagram.
Меркаванне валанцёркі: вырашыць праблему можна, арганізаваўшы ў горадзе прытулкі
Аксана сцвярджае, што ўсе сабакі на ўчастку зарэгістраваныя. Больш за тое, жывёлы знаходзяцца тут часова, пакуль ім не знойдуць новых гаспадароў. Беларуска дадае – жывёл у яе шмат таму, што ў Слоніме няма дзяржаўнага пункта часовага ўтрымання жывёл.
Валанцёрка таксама не згодная з прэтэнзіямі наконт санітарнага стану ўчастка, адзначаючы, што пражывае ў сельскай мясцовасці, дзе наяўнасць пахаў, звязаных з утрыманнем жывёл — звычайная з’ява.
Яна таксама выставіла сустрэчныя прэтэнзіі да суседа, абвінаваціўшы яго ў невыкананні санітарных нормаў, але падкрэсліла, што сама афіцыйных скаргаў на яго не падавала.
Саўчук заявіла, што не мае намеру пераязджаць або адмаўляцца ад утрымання жывёл. Вырашыць праблему яна прапануе развіццём сістэмы прытулкаў і дапамогі ў прыстасаванні бяздомных сабак у Слоніме.
Чыноўнікі: на ўчастак не патрапілі, але сітуацыю кантралююць
На відэа Аксаны адрэагавалі ў Слонімскім райвыканкаме — апублікавалі заяву ў Facebook. У ёй чыноўнікі пацвярджаюць, што прыехалі да валанцёркі пасля «афіцыйнага звароту», які паступіў ад суседа. Той адзначаў, што жывёлы на ўчастку не зарэгістраваны, шумяць, а таксама непрыемна пахнуць.
Супрацоўнікі райвыканкама вырашылі выехаць на ўчастак камісіяй, каб праверыць умовы ўтрымання жывёлін. Але патрапіць на тэрыторыю ім не ўдалося, таму яны пакінулі «сітуацыю на кантролі» – далейшыя дзеянні плануюць прадпрымаць з улікам заканадаўства.
Раней чыноўнікі дзякавалі валанцёрцы
Аксана Саўчук таксама прымацавала адказ Упраўлення ЖКГ Гродзенскага аблвыканкама. У лісце чыноўнікі дзякавалі Аксане за актыўную дапамогу бяздомным жывёлам. «Дзякуй вам за чуласць, спагадлівасць і спачуванне. Спадзяемся, што вашыя добрыя справы стануць прыкладам для многіх людзей», — адзначалася ў лісце.
Валанцёрка дадае, што ёй працягваюць тэлефанаваць з ЖКГ з просьбай забраць жывёл, кінутых на вуліцах Слоніма. Але пры гэтым не саромеюцца прыходзіць да яе з праверкамі, каб пералічыць яе гадаванцаў.
У новых публікацыях Аксана просіць беларусаў дапамагчы аплаціць даўгі перад ветэрынарнымі клінікамі і падаткі на ўтрыманне хатніх жывёлін.
Чытайце таксама: Беларусаў прымусяць плаціць за сабак – дадзеныя будуць збіраць у ветклініках і ў суседзяў



