Фестываль LIDBEER-2026 у Лідзе не адбудзецца “з прычын, якія не залежаць ад арганізатараў”. Такая інфармацыя з’явілася ў Threads «Лідскага піва».
Арганізатары таксама дадалі, што спадзяюцца на сустрэчу ў будучым. У каментарах карыстальнікі выказваюць меркаванні, чаму фестываль адмянілі. Адны думаюць, што арганізатары не атрымалі гастрольнага пасведчання – яно дае права праводзіць культурна-відовішчныя мерапрыемствы. Іншыя звязваюць адмену LIDBEER з правядзеннем піўнога фестывалю «Гродзенская пінта».
Ёсць сярод удзельнікаў абмеркавання і тыя, хто рады адмене фестывалю. Пішуць, што хаця б не будзе нагоды «прывозіць чарговую Бузаву». Іншыя называюць арганізатараў і ўдзельнікаў «алкашнёй», а таксама жадаюць фестывалю «наогул закрыцца і прагарэць».
LIDBEER адмянялі і раней
Фестываль LIDBEER з’явіўся ў 2015 годзе як сацыяльны праект “Лідскага піва”. За час свайго існавання фестываль стаў пляцоўкай як для вядомых, так і для беларускіх музыкаў-пачаткоўцаў.
У 2015 на сцэне Lidbeer выступілі беларускія гурты “Стары Ольса”, “Без Билета” і J:MORS. Праз год на фестывалі выступілі Trubetskoy, Neuro Dubel і БІ-2. У 2017 на LIDBEER выступалі «Пятля Прыхільнасці» і «Крамбамбуля», прыязджаў таксама ўкраінскі гурт «Океан Ельзи».
У 2018 годзе хэдлайнерам фестывалю стаў расійскі гурт «Ленинград». З беларускіх музыкаў выступаў гурт Nizkiz. Традыцыя запрашаць расійскія калектывы ў якасці галоўных гасцей фестывалю працягнулася і ў 2019 годзе. Тады на LIDBEER выступілі Элджэй, “Сплін” і “Чайф”. На сцэну выйшлі і беларусы: “Molchat Doma” і Akute.
Наступны LIDBEER адбыўся толькі праз тры гады. Арганізатары патлумачылі гэта кавіднымі абмежаваннямі. У 2023 годзе хэдлайнерам фестывалю стаў расійскі гурт Filatov & Karas. З беларускага боку выступілі Тэа і Вольга Рыжыкава. Гэты дуэт рэгулярна выступае на дзяржаўных святах.
На фестывалі Lidbeer у 2023 годзе затрымалі двух мужчын за выкрыкі “Жыве Беларусь!”. Пасля гэтага па горадзе прайшла хваля арыштаў на прадпрыемствах. На працягу ўсяго верасня затрыманні працягваліся на прадпрыемствах “Лакафарба”, “Лідахлебапрадукт”, “Лідсельмаш” і іншых. Затрыманым давалі штрафы і суткі адміністрацыйнага арышту.
У 2024 у Лідзе замест фестывалю LIDBEER правялі «Харчфэст». Яго арганізатарам стаў райвыканкам, свята сумясцілі з Днём горада.
Праз год LIDBEER усё ж такі адбыўся.
Чытайце таксама: “На жаль, месцаў няма”. Паспрабавалі забраніраваць жытло ў Лідзе на “ХарчФэст” з Бузавай – аказалася, ажыятаж ёсць




