У возеры Лазурным пад Ваўкавыскам з лютага гіне рыба. Мясцовыя жыхары меркавалі, што праблема ў дрэннай вадзе. Журналісты “Гродзенскай праўды” высветлілі, што справа ў іншым. 

Карыстальнік зняў відэа каля санаторыя «Пралеска» ў Ваўкавыскім раёне: прыбярэжная зона возера Лазурнага была выслана загінулай рыбай. Людзі ў каментарах выказалі здагадку, што справа ў якасці вады.

Аказваецца, з-за моцных замаразкаў у лютым рыбам не хапае кіслароду, паведамілі ў Гродзенскім абласным камітэце прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. Гэтай справай заняліся яшчэ 10 лютага.

— Забруджвання вады не выявілі, затое выявіўся нізкі ўзровень кіслароду. Гэта зява прыроднага характару. Сёлета з-за замаразкаў быў дастаткова тоўсты лёд, і ўзровень кіслароду ў вадзе знізіўся, што прывяло да гібелі рыбы, — патлумачыў начальнік аддзела кантролю за аховай і выкарыстаннем зямель, нетраў і біяразнастайнасці Дзмітрый Лебедзеў.

Каб даць рыбам доступ да кіслароду, трэба ў лёдзе прарабіць невялікія лункі. Пры моцным марозе лункі хутка замярзаюць. Каб запаволіць гэты працэс, да іх падвешваюць саляныя мяшочкі, чарот, рагоз або іншыя расліны.

У Гродзенскай вобласці ёсць вадаёмы, у якіх мор рыбы адбываецца даволі часта. У прыватнасці, такое адбываецца ў Лідскім і Воранаўскім раёнах – гэтыя вадаёмы знаходзяцца пад назіраннем. Па словах Лебедзева, апошнія пяць гадоў замораў у Лазурным возеры не было.

Чытайце таксама: Вада ў Гараднічанцы стала белай: сцёкі злівалі ў Нёман. У чым прычына і наколькі ўсё кепска?

Ахвяруй 1,5% ад падаткаў у Польшчы