Пенсіянеры Гродна, якія рэгулярна збіраюцца на танцавальныя вечары, паскардзіліся на маленькае памяшканне ў караоке-клубе «Пушкін», куды іх некаторы час таму «перасялілі» з абласной філармоніі.
У летні час пенсіянеры збіраюцца на адкрытай пляцоўцы ў лесапарку «Пышкі», якую не так даўно рэканструявалі. На зіму для гродзенцаў, якія танцуюць, выдзелілі памяшканне ў абласной філармоніі. Але нядаўна танцавальныя вечары перанеслі ў караоке-клуб «Пушкін». Там гродзенцы сутыкнуліся з праблемай: зала не можа змясціць усіх ахвотных.
З-за цеснаты ў залі многія перасталі хадзіць на танцы
Пра сітуацыю «Гродзенскай праўдзе» ад імя наведвальнікаў танцаў распавёў Іван Марозаў.
— Як толькі нас «перасялілі» з абласной філармоніі, шэрагі парадзелі. На адкрыцці ў лютым прысутнічала каля 150 чалавек, прыйшлося расчыніць уваходныя дзверы — усе не змясціліся. Пасля гэтага ходзіць толькі «касцяк», тыя, хто застаўся верны вольнаму часу, — некалькі дзясяткаў чалавек, — распавёў пенсіянер.
Залу для танцаў пенсіянераў мянялі некалькі разоў
Сам ён стараецца не прапускаць танцы больш за 10 гадоў. За гэты час зімовыя вечары мянялі прапіску некалькі разоў. Іх праводзілі ў Палацы культуры тэкстыльшчыкаў, моладзевым цэнтры «Гродна», культурна-забаўляльным цэнтры «Галактыка», кінатэатры «Усход».

Праблема часова вырашыцца летам, але ў наступным годзе — зноў вернецца
— Вечары на вышэйшым узроўні праходзілі ў філармоніі. Там для нас выдзелілі цудоўную танцавальную залу. Гэтае месца — лідар у маім рэйтынгу па камфорце. Някепская арганізацыя была ў «Галактыцы». Так, мы разумелі, што ў філармоніі трэба праводзіць навагоднія прадстаўленні для дзяцей, таму ў снежні – студзені ў нас паўза. Але якім жа было здзіўленне, што сёлета пасля навагодніх канцэртаў нас ужо не прынялі ў філармоніі, а прапанавалі новае памяшканне. Мы разумеем, што з мая адкрыецца танцавальная пляцоўка ў Пышках, пяройдзем на свежае паветра, але з надыходам халадоў праблема з памяшканнем зноў вернецца, хацелася б яе вырашыць загадзя, — апісаў сітуацыю Іван Іванавіч.
Выданне пагутарыла і з іншымі пенсіянерамі, якія ходзяць на танцы. Усе, хто захацеў пагаварыць з журналістам, з настальгіяй узгадвалі мерапрыемствы ў філармоніі. На карысць былой танцавальнай залы называлі яе вялікую плошчу і эстэтыку дызайну памяшкання.
Што кажуць улады
Танцавальныя вечары для людзей «пачцівага ўзросту» ў філармоніі працягнуцца ў вольныя ад мерапрыемстваў суботы, патлумачыла начальнік упраўлення культуры Гродзенскага аблвыканкама Алена Клімовіч. Танцы ў клубе «Пушкін» будуць па-ранейшаму праводзіць па нядзелях.
— Усе разумеюць, што ў устаноў, якія могуць прадаставіць памяшканне для танцаў, свае камерцыйныя праекты. Але мы не адмаўляем у просьбе гараджанам, а шукаем шляхі выхаду з сітуацыі. Сёлета выбіралі новы танцпол у караоке-бары «Пушкін» на зімовы час, сумесна аб’язджалі розныя адрасы з прадстаўніком ініцыятыўнай групы, якая наведвае танцы. Хацелі як лепш — каб у людзей была пастаянная магчымасць патанцаваць, пагутарыць, а не адмяняць вечары з-за планаў устаноў. Цяпер пачулі іншае пажаданне і не бачым перашкод пайсці людзям насустрач, але з папраўкай на магчымыя змены з-за канцэртаў у філармоніі, — пракаментавала Алена Клімовіч.




