З’явіўся спіс вызваленых палітвязняў. Яго публікуе Telegram-канал «Розовые косынки». Сярод іх журналістка Кацярына Андрэева, а таксама блогер і грамадскі актывіст Эдуард Пальчыс, які нарадзіўся ў Лідзе, праваабаронца Наста Лойка.
Таксама ў спісе:
- Кірыл Казей — жыхар Мінска;
- Аляксандр Казлянка — актывіст з Брэста, сябра «Свабоднага прафсаюза»;
- Дзмітрый Кубараў — UX/UI дызайнер;
- Мікалай Куляшоў — былы мытнік, актывіст Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі «Грамада»;
- Сяргей Маўшук — жыхар Пінска;
- Мікіта Залатароў — якому на момант затрымання было 16 гадоў.
- Дзяніс Жалезка — ураджэнец Петрыкава;
- Кім Самусенка — грамадскі актывіст, сябра Рады грамадскага руху «Дзея»;
- Павел Шпетны — жыхар Брэста
- Марфа Рабкова – праваабаронца
Спіс абнаўляецца. Агулам, па інфармацыі “Вясны”, вызваленыя 250 палітвязняў: 15 з іх дэпартаваныя, 235 застануцца ў Беларусі.
Раней праваабаронцам стала вядома, што 18 сакавіка з магілёўскай ПК-15 і наваполацкай ПК-1 вывезлі частку палітычных зняволеных. У мінулыя разы перад масавым вызваленнем палітвязняў іх перавозілі з калоній у мінскі СІЗА КДБ — адтуль ужо пазней вывозілі з краіны.
Візіт Джона Коўла ў Мінск
Вызваленне палітвязняў звязана з прыездам у Мінск амерыканскага спецпасланніка па Беларусі Джона Коўла 19 сакавіка. Раней ён сустрэўся з Аляксандрам Лукашэнкам, а таксама прадстаўнікамі беларускіх уладаў, уключаючы старшыню КДБ Івана Церцеля, паведамляў Telegram-канал «Пул Первого».
Пратакольная частка сустрэчы доўжылася сем з паловай хвілін, пасля чаго пачаліся перамовы за зачыненымі дзвярыма. Пасля іх Джон Коўл выйшаў да журналістаў і паведаміў пра падрыхтоўку магчымага візіту Лукашэнкі ў ЗША. Пра гэта піша дзяржаўнае выданне БЕЛТА. Таксама абмяркоўвалі аднаўленне працы амбасады ЗША ў Мінску.
Раней Лукашэнка заяўляў, што абмяркуе з дэлегацыяй, у тым ліку, пытанні вызвалення палітвязняў і «рэгіянальныя» праблемы.
— І не толькі праблемы Украіны, але і глабальныя. І не толькі вайну на Блізкім Усходзе. Думаю, мой пункт гледжання па глабальных праблемах, асабліва па сітуацыі на Блізкім Усходзе, будзе важны для вас, паколькі вы ваюеце супраць нашых сяброў. І я гатовы адкрыта пагаварыць на гэту тэму, — заявіў ён.
Амерыка зняла санкцыі
Таксама 19 сакавіка стала вядома, што ЗША здымаюць санкцыі з «Белінвестбанка», Банка развіцця Беларусі і Міністэрства фінансаў, заявіў Джон Коўл. Таксама з усіх амерыканскіх санкцыйных спісаў выключаны Беларуская калійная кампанія і «Беларуськалій». Пра гэта паведамляе Telegram-канал «Пул Первого».
BYSOL адкрыў экстранны збор для вызваленых палітвязняў
«Наша мэта — выплаціць мінімум па €1000 кожнаму і кожнай у межах праграмы падтрымкі палітзняволеных і вызваленых. Гэтыя грошы дапамогуць перажыць першыя тыдні пасля вызвалення: знайсці часовае жыллё, набыць адзенне і лекі, аднавіць дакументы. Збор будзе актыўны да 31 сакавіка 2026 года, пасля чаго мы пачнём выплаты», — паведамляе арганізацыя.
Днём раней, 18 сакавіка, Джон Коўл наведаў Літву, дзе сустрэўся з прэм’ер-міністрам Інгай Ругінене. Яна падзякавала яму за намаганні па вызваленні палітвязняў у Беларусі і абмеркавала пытанні рэгіянальнай бяспекі.
Паводле слоў Ругінене, рэжым Беларусі застаецца пагрозай для рэгіёна, уключаючы Літву. У якасці прыкладаў яна назвала кантрабандныя паветраныя шары, незаконную міграцыю, затрыманне грузавікоў і падтрымку Расіі ў вайне супраць Украіны.
Раней візіты Коўла ў Мінск часам завяршаліся вызваленнем палітвязняў. 13 сакавіка Аляксандр Лукашэнка пацвердзіў магчымасць новага раунда перамоў з ЗША.



