Дзякуючы цёпламу надвор’ю рух соку пачаўся раней – звычайна да нарыхтоўкі прыступаюць у канцы сакавіка або ў пачатку красавіка. У Гродзенскай вобласці сезон пачаўся раней, чым у іншых рэгіёнах краіны. Але працягнецца ён нядоўга – ад адной да трох тыдняў, піша Sb.by. 

Нарыхтоўку ўжо пачалі ў Скідзельскім, Берштаўскім, Навагрудскім і Парэчскім лясгасах. Часам збор соку запавольваецца з-за начных замаразкаў.

Вызначылі кошт соку – адзін літр абыдзецца ў 42 кап. «Гэта танней, чым пітная вада ў крамах», – кажа ляснічы Скідзельскага лясгаса Фёдар Няўсыпаў. Бярозавы сок можна набыць у лясгасах, яго наліваюць ва ўласную тару, а таксама пакупнікам выдаюць пяцілітровыя бутэлькі. Ёсць кропка і ў горадзе Скідзелі на вуліцы Дзяржынскага, 41/1.

У Скідзельскім лясгасе чарга з пакупнікоў выстройваецца загадзя: там складаюць спісы і апавяшчаюць, калі можна прыехаць. Звычайна бяруць некалькі дзясяткаў літраў – папіць свежы сок і зрабіць закаткі.

У гэтым сезоне ў Скідзельскім лясгасе плануюць нарыхтаваць і прадаць не менш як 98 тон соку. Пры гэтым за суткі адно дрэва можа даваць да 20 літраў, у сезон – 300 літраў. Каб бяроза не пацярпела, пасля збору адтуліну ў кары зачыняюць спецыяльнымі коркамі, а таксама замазваюць глінай і вапнай.

Што рабіць тым, хто хоча збіраць сок самастойна?

Жыхары вобласці могуць заняцца самазагатоўкай соку. Але для гэтага ім трэба звярнуцца ў лясніцтва – там растлумачаць, якія дрэвы можна выкарыстоўваць для падсочкі, а таксама пракантралююць правільнасць збору.

Лясніцтвы нагадваюць, што за няправільную зборку бярозавага соку можа пагражаць штраф: 20 базавых велічынь (900 руб.) для звычайных людзей, да 100 базавых велічынь (4,5 тыс. руб.) для прадпрымальнікаў, а для юрыдычных асоб – да 500 базавых велічынь (22,5 тыс. руб.).

Чытайце таксама: З адной бярозы — да 200 літраў. Як беларусам здабыць бярозавы сок на радзіме і ў эміграцыі

Ахвяруй 1,5% ад падаткаў у Польшчы