За першую палову 2025 года рост анказахворванняў у вобласці склаў 2% — на рак захварэў 2571 чалавек. Згодна з дакладам Міністэрства аховы здароўя, такая сітуацыя назіраецца па ўсёй краіне — людзі радзей абследуюцца, а саму анкалогію дыягнастуюць на пазнейшых стадыях. Даклад з гэтымі дадзенымі не публікаваўся ў адкрытым доступе, яго журналісты «Зеркало» атрымалі дзякуючы арганізацыі BELPOL. 

Горш за ўсё анкалогію дыягнастуюць у Дзятлаўскім раёне

У дакладзе Міністэрства аховы здароўя ёсць дадзеныя аб раёнах з найгоршымі паказчыкамі позняй дыягностыкі – такімі лічаць выпадкі, калі дыягназ ставяць на III або IV стадыі для “візуальных” лакалізацый і на IV стадыі для ўсіх астатніх.

У Гродзенскай вобласці такім раёнам стаў Дзятлаўскі. Там у 24,2% выпадкаў часцей за ўсё спазняюцца з дыягназамі.

Таксама спецыялісты вывучылі паказчык «аднагадовай лятальнасці» – статыстыку па смерці пацыентаў у першы год пасля пастаноўкі дыягназу. Гродзеншчына не патрапіла ў спіс абласцей, дзе сітуацыя выглядае горш за ўсё. Тым не менш лічбы сведчуць, што ў Віцебскай вобласці памірае 19,5% пацыентаў, у Магілёўскай — 18%, а ў Гомельскай — 16,7%.

У Беларусі расце колькасць анказахворванняў

Усяго за першае паўгоддзе 2025 года ў Беларусі дыягнаставалі 24 971 новых выпадкаў анкалагічных захворванняў. Такую колькасць зафіксавалі ўпершыню – гэта на 977 дыягназаў больш, чым за аналагічны перыяд 2024 года. Доля Гродзенскай вобласці ў гэтай статыстыцы – 2571 выпадак.

Чаму так адбываецца?

Рост абумоўлены некалькімі фактарамі, адзначаюць у дакладзе Міністэрства аховы здароўя. Гэта звязана з тым, што людзі, якія знаходзяцца ў зоне рызыкі, не праходзяць дыспансерызацыю. Таксама крытыкуюць мясцовыя органы ўлады і кіраўнікоў арганізацый аховы здароўя – іх меры па раннім выяўленні анказахворванняў не эфектыўныя. Тым часам у медыкаў адсутнічае анканасцярожанасць.

Чытайце таксама: У Гродне пачалі прышчапляць ад ВПЧ – але даволі слабой вакцынай

Ахвяруй 1,5% ад падаткаў у Польшчы