Гродзенец стварыў сайт для пошуку зніклых жывёл у Беларусі. Платформа называецца dorogadomoy.by і аб’ядноўвае ўладальнікаў гадаванцаў і валанцёраў па ўсёй краіне.
Аўтар праекта, паводле інфармацыі аднаго з гродзенскіх навінавых рэсурсаў — жыхар Гродна Мікіта. Ён вырашыў спрасціць пошук згубленых жывёл і запусціў бясплатны сайт, дзе можна размяшчаць абвесткі пра знікненне або знаходку гадаванцаў.
На платформе ўжо працуе карта з адзнакамі згубленых і знойдзеных жывёл, ёсць фільтры па горадзе, тыпе жывёлы і даце. Карыстальнікі могуць публікаваць абвесткі з фотаздымкамі і кантактамі. Размешчаны кантэнт праходзіць мадэрацыю.
Дапамагчы развіццю праекта можа кожны
Мяркуючы па паведамленнях у Telegram-групе праекта, сайт запусцілі ў пачатку сакавіка. Там жа каманда папрасіла карыстальнікаў пратэсціраваць платформу і пакінуць водгукі. Распрацоўшчыкі чакаюць прапаноў па паляпшэнні сайта, каб зрабіць яго больш зручным. Пакуль абвестак на сайце няшмат.
Пры гэтым у Беларусі ўжо існуюць падобныя сэрвісы. Напрыклад, на сайце zooby.by ёсць раздзел для пошуку згубленых жывёл. Таксама працуе партал animalcity.by, дзе публікуюць абвесткі пра зніклых і знойдзеных гадаванцаў, пошук ператрымак і прыватныя аб’явы аб куплі-продажы жывёл або пошуку для іх новых гаспадароў. Ёсць і шматлікія групы ў сацыяльных сетках.
А як дзейнічаць, калі хатняя жывёла знікла або вы знайшлі такога згубленага гадаванца? Гродзенка склала падрабязную інструкцыю па пошуку зніклых гадаванцаў. Знайсці яе можна па спасылцы.
Нядаўна ў Беларусі запусцілі сэрвіс для зніклых гадаванцаў — жывёл будуць шукаць з дапамогай смарт-брэлка. Аўтар гэтай ідэі Ян Гулевіч прапануе выкарыстоўваць для пошукаў смарт-брэлок з QR-кодам. Пасля яго сканавання карыстальніка перанакіруюць на старонку з дадзенымі пра жывёлу і кантактамі ўладальніка. Можна будзе альбо звязацца з гаспадаром, альбо адправіць аўтаматычную геалакацыю праз СМС. Пакуль сістэму тэсціруюць у Мінску, пасля яе хочуць укараніць і ў іншых рэгіёнах.




