Іна Грышук – супрацоўніца расійскага прапагандысцкага рэсурса Sputnik. Яе сын вучыцца ў Вышэйшай школы эканомікі ў Маскве. І калі ў Расіі ён перспектыўны студэнт, то ў Беларусі – ухіліст, на якога заводзяць крымінальную справу за адмову служыць у войску. Журналістка размясціла ў сацсетках відэа, на якім звяртаецца да Лукашэнкі і “мужчын у высокіх кабінетах” з просьбай вырашыць сітацыю.

Сын Грышук вучыцца ў Маскве на першым курсе праграмы «Інфарматыка і вылічальная тэхніка». “Калі надышоў час выбіраць універсітэт, мы не разглядалі заходнія ўніверсітэты, а спыніліся на брацкай Расіі”, – кажа ў відэа Грышук. Уся справа ў ідэалагічнай блізкасці беларускага і расійскага палітычнага рэжымаў.

@ina.grishuk Обращение мамы студента к Президенту накануне 8 Марта. Помогите репостами, очень хочется, чтобы это видео увидел Александр Григорьевич. #обращение #лукашенко #ПулПервого #8марта #отсрочка ♬ оригинальный звук – Инна Гришук

“Калі нашы дзеці ездзяць у Еўропу, мы, натуральна, хвалюемся за іх і хочам абараніць іх ад варожых уплываў. Але калі яны едуць вучыцца ў Расію, братэрскую краіну з сяброўскай ідэалогіяй, яны сутыкаюцца з крымінальным пераследам у роднай Беларусі. Гэта выклікае пытанне: ці гэта сапраўды аб’яднаная Саюзная прастора, пра якую мы марылі? Ці справядліва ставіць на дзіця судзімасць толькі таму, што яно хоча вучыцца ў Расіі і шукаць веды?” – кажа ў відэа Грышук.

Справа ў тым, што навучанне ў любым замежным ВНУ з траўня 2023 года больш не лічыцца нагодай атрымаць адтэрміноўку ад службы ў войску. Цяпер вучоба за мяжой можа дапамагчы не пайсці ў войска толькі тады, калі гэта паступленне ў замежны ўніверсітэт па дзяржаўных праграма. Атрымліваецца, сын Грышук павінен кінуць вучобу ў Маскве, адслужыць у беларускім войску, а потым, пры жаданні, зноў куды-небудзь паступіць і давучыцца. Але яго маці такая перспектыва не падабаецца.

Таму яна просіць у Лукашэнкі своеасаблівы падарунак на 8 сакавіка: каб ён вырашыў пытанне адтэрміноўкі для беларускіх студэнтаў, што вучацца ў Расіі.

“Аляксандр Рыгоравіч, вы чалавек дзеяння, і вы таксама бацька. І вы заўсёды кажаце, што за кожнага беларуса трэба змагацца. Калі ласка, дапамажыце! Я не прашу вызваліць майго сына ад вайсковай службы. Ён хоча і гатовы служыць. Але, калі ласка, дазвольце спачатку атрымаць адукацыю і прафесію. Не хочацца, каб нашы дзеці, якія вучацца ў Расіі, трапілі ў рукі заходняй прапаганды, якая толькі і марыць, каб папракаць: маўляў, у саюзе з Расіяй няма будучыні, там толькі суды”, – кажа Грышук.

Рэакцыя каментатараў: “Чым ваш сын лепшы за іншых?”

У Threads і TikTok зварот Іны Грышук выклікаў шмат пытанняў. Многія каментатары сумняваюцца ў шчырасці гродзенкі.

“У БДУІР (Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі – Hrodna.life) чаго не пайшоў? Расія чым лепш?” – запытвае адзін.

“Хлусіце вы ўсё, пайшоў на гэтую спецыяльнасць, каб саскочыць у сіліконавую даліну. Няхай ідзе адслужыць, потым вернецца і працягне вучыцца. А вы ўслалі яго ў рашку каб ён адмазаўся ад службы”, – піша іншы.

“Чалавек паступіў туды, каб пазбегнуць адпрацоўкі. Прычым відавочна не пойдзе ён потым працаваць у Беларусі, але ўжо на першым курсе качае правы”.

“Калі цягнецца да ведаў, як вы сказалі, то армія не перашкода. Адслужыць і назад вучыцца. Чым ваш сын лепшы за іншых?”

“Мой сын таксама вучыцца ў Маскве. І, так, прыйшлося ў першы ж год навучання вярнуцца дадому і адслужыць у арміі. Але ён ведаў, што такія ўмовы, калі выбіраў месца вучобы, сам выбраў такі варыянт. І нават у воінскай часці сустрэўся з хлопцамі са сваёй ВНУ”, – расказвае свой прыклад іншая маці.

Чытайце таксама: У Беларусі запрацавала праграма па «вяртанні ўхілістаў»

Нехта раіць сыну Грышук узяць на час службы ў войску акадэмічны адпачынак і пасля службы аднавіцца ў ВНУ. Ёсць і больш жорсткія адказы:

“Тады і ў войска расійскае яго аддай, калі табе адна дзяржава”.

Пры гэтым, калі карыстальнікі Threads у асноўным крытыкуюць Грышук, то ў TikTok істотна больш каментатараў, якія яе падтрымліваюць.

“Мы падтрымліваем і таксама просім дапамогі, аналагічная сітуацыя. Затрымліваюць у Расіі і не разумеюць, за што, дзіця вучыцца добра, выдатныя характарыстыкі, валанцёр, атрымае адукацыю і дамоў у РБ, пытанне ўхілення не стаіць, служыць гатовы, але не трэба перарываць ім навучанне! Аляксандр Рыгоравіч, дапамажыце нам, мамам, якія ўкладваюць душу і любоў у сыноў, будучых абаронцаў!”

“У год Беларускай Жанчыны просім, Глыбокапаважаны Аляксандр Рыгоравіч, пачуйце, калі ласка, голас многіх мам!”

“Падтрымліваю, трэба вырашыць гэтае пытанне па квотах і адтэрміноўках. Усё ж такі Расія не чужая дзяржава для нас”.

“Такіх выпадкаў сотні калі не тысячы. Падтрымліваем, бо на дадзены момант гэта прамое парушэнне правоў грамадзяніна на адукацыю, а для дзяржавы крыніца папаўнення бюджэту за кошт нібыта адміністрацыйнага правапарушэння. Прычым дадзены артыкул распаўсюджваецца толькі на грамадзян РБ мужчынскага полу, навідавоку поўная дыскрымінацыя”.

І толькі адзін каментатар звярнуў увагу, што сітуацыю з прызывам у армію можна было б наогул вырашыць інакш.

“Армія наогул павінна быць кантрактная! А ў нас хлопчыкі нараджаюцца з даўгавымі абавязацельствамі! І гэтая фраза «доўг радзіме» ўводзіць у ступар! Які доўг? Калі запазычылі? Ваенную падрыхтоўку можна ўкласці ў месяц! Няма чаго марынаваць хлапчукоў паўтара года! Чысціць бульбу і драіць падлогі яны і так могуць дома!”

Хто такая Іна Грышук

Гродзенская журналістка Іна Грышук з 2005 да 2017 года працавала ў газеце “Вячэрні Гродна”, з 2014 года была намесніцай галоўнага рэдактара. Таксама нядоўга працавала на партале TUT.BY і ў беларускай рэдакцыі “Камсамольскай праўды”. З 2017 года працуе на беларускую рэдакцыю расійскага агенцтва Sputnik.

Sputnik гэта частка расійскага дзяржаўнага агенцтва “Россия сегодня”. Яго рэгулярна абвінавачваюць у пашырэнні дэзінфармацыі і прапагандзе на карысць Расіі. У шэрагу краін Sputnik знаходзіцца пад санкцыямі, а яго каналы заблакаваныя.

Ахвяруй 1,5% ад падаткаў у Польшчы