У Гродне сёлета плануюць стварыць новы сквер, прысвечаны беларускай жанчыне. Пра гэта паведамілі ў Telegram-канале Гродзенскага гарвыканкама. Можна будзе ўзяць удзел у яго стварэнні — але як менавіта, пакуль невядома.

Пра праект расказалі на ўрачыстым прыёме да 8 Сакавіка. Старшыня гарвыканкама Андрэй Хмель паказаў некалькі варыянтаў афармлення і прапанаваў жанчынам абмеркаваць ідэі. Канчатковага праекта пакуль няма — разглядаюцца розныя варыянты.

Адна з удзельніц прапанавала змяніць назву праекта — замест «Сільная беларуская жанчына» выкарыстоўваць «Шчаслівая беларуская жанчына».

Сквер хочуць размясціць на вуліцы Савецкіх Памежнікаў побач з Гродзенскай абутковай фабрыкай. Сярод ідэй: кветкавыя аркі, паўкруглая драўляная альтанка, статуя з белага каменя, лаўкі, валуны белага колеру і кветнікі з аксаміткамі.

Статуя «беларускай жанчыны»

Таксама плануецца, што ў цэнтры ландшафтнай кампазіцыі будзе знаходзіцца статуя жанчыны. Яе выканаюць з белага каменя або бетону. Статуя будзе «адсылаць да стойкасці і падкрэсліваць унутраную сілу і непахіснасць беларускіх жанчын». Белы колер фігуры, на думку ўладаў, увасабляе надзею, мір і гармонію, сімвалізуе чысціню. Вакол статуі будуць драўляныя рэйкі, упрыгожаныя беларускім арнаментам.

Праект дапрацуюць з улікам прапаноў жыхарак горада. Праўда, пакуль не ўдакладняецца, як і куды можна будзе дасылаць свае заўвагі і ідэі.

Ахвяруй 1,5% ад падаткаў у Польшчы