Пенсіянеркі паехалі ў санаторый Лідскага раёна па пуцёўках. Але аформілі іх на тых, каму належыць скідка ў 70%. Цяпер супраць жанчын і супрацоўнікаў установы распачалі крымінальныя справы, паведамляе 102.Неман.
Пенсіянеркі ва ўзросце 68 і 71 гадоў адпачывалі ў адным з санаторыяў раёна 13 сутак. Жанчыны купілі пуцёўкі не за поўны кошт. Дакументы афармлялі на людзей, якім пакладзена 70% скідка. Пра гэта яны дамовіліся з кіраўніцтвам санаторыя, устанавілі супрацоўнікі па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі Лідскага РАУС.
Такім чынам пенсіянеркі атрымлівалі паслугі па больш нізкай цане, а супрацоўнікі санаторыя – прэміі за паказчыкі засяляльнасці і падзяку ад кліентаў.
Супрацоўнікаў санаторыя прыцягнулі да крымінальнай адказнасці. Супраць пенсіянерак таксама ўзбуджаны крымінальныя справы за выкарыстанне падробленых дакументаў.
Супрацоўнікі РАУС працягваюць высвятляць усе эпізоды злачынства.
Чытайце таксама: Гродзенскі фатограф, які распавёў пра лудаманію, зноў просіць грошы ў доўг




