Мэр літоўскага горада Алітус прапанаваў пабудаваць новы водны шлях па Нёмане – цяпер ён шукае падтрымкі ў парламенце і ўрадзе. Эколагі выступілі супраць прапановы палітыка, піша LRT. 

У снежні мэр Нерыюс Цэсіуліс прапанаваў літоўскаму сейму і міністэрствам падтрымаць новы праект па развіцці воднага шляху ў верхнім цячэнні Нёмана. Згодна з ідэяй, турыстычныя і грузавыя судны змогуць курсіраваць па рацэ, злучаючы Літву, Польшчу і Беларусь.

Эколагі раскрытыкавалі праект – лічаць, ён нанясе шкоду рацэ. Асцерагаюцца, што ачыстка і днопаглыбленне ракі прывядуць да змены колькасці раслін, водных арганізмаў і птушак.

Таксама эксперты не бачаць эканамічнага абгрунтавання праекту і адзначаюць рызыкі, звязаныя з маршрутам праз Беларусь. Мэр у сваю чаргу адзначае, што ваенныя не бачаць пагрозы ў суднаходстве праз Беларусь.

Гісторык: Нёман – “жывая рака”

Гісторык Лібертас Клімка ў каментары для LRT адзначае, што раней суднаходства ў Літве было вельмі развіта. У цяперашнім абмяленні рэк ён у тым ліку вінаваціць беларускі бок, які будуе плаціны. Менавіта таму ўлетку вады становіцца яшчэ менш. 

“Там плаціна затрымлівае частку вады, таму летам у нас рака становіцца зусім неглыбокай, зарастае трыснёгам”, – кажа Клімка.

Эксперт лічыць, што развіццё суднаходства – рацыянальная ідэя. Пры гэтым адзначае, што водны транспарт можа парушыць экасістэму рыб і птушак.

Клімка рэзюмуе, што Нёман – “жывая рака”. На думку гісторыка, ён да гэтага часу можа быць эфектыўнай транспартнай артэрыяй.

Чытайце таксама: Нёман хутка стане як горная рака? Эколаг патлумачыў, што адбываецца