У Гродне на аўкцыён выставілі былы корпус для мерапрыемстваў завода «Радыёхваля» на скрыжаванні вуліц Горкага і Курчатава. З асаблівасцей: на фасадзе знаходзіцца адно з самых вялікіх савецкіх мазаічных пано ў Беларусі, а пад будынкам захавалася вялікае бамбасховішча. Агульная плошча трохпавярховага будынка — амаль 3 500 квадратных метраў.
Аўкцыён па продажы будынка пройдзе 24 сакавіка 2026 года. Пачатковая цана лота складае 3,2 млн рублёў. Аб’ява аб продажы з’явілася на сайце Гродзенскага цэнтра нерухомасці. Прадавец корпуса — ААТ «Радыёхваля».
Корпус быў пабудаваны ў канцы 1970-х гадоў. У лот уваходзяць тры паверхі, а таксама падполле канферэнц-залы, дзе знаходзяцца склады. Частка памяшканняў у будынку арандуюць кампаніі і крамы. Пасля продажу арандатары павінны будуць альбо вызваліць плошчы, альбо заключыць новыя дамовы з новым уласнікам.
Пад будынкам знаходзіцца буйное бамбасховішча, якое зараз афіцыйна называецца спецпадвалам. Яно не ўваходзіць у лот, але новы ўладальнік абавязаны захаваць два эвакуацыйныя выхады з гэтых памяшканняў.

Пано на «Радыёхвалі»
Яшчэ адна важная дэталь — мазаічнае пано на фасадзе. Гэта адзін з самых вялікіх мазаічных твораў у Беларусі, выкананы ў стылі сацрэалізму.

Мазаіку стварылі гродзенскія мастакі і скульптары Анатоль Салятыцкі, Анатоль Гаршкавоз, Уладзімір Церабун і Генадзь Буралкін.
На пано адлюстраваны звычайныя людзі з характэрнай для Савецкага Саюза атрыбутыкай — зоркай і серпам з молатам. Каляровую гаму для савецкіх людзей аўтары выбралі ў чырвоных адценнях.



