Кафэ і рэстараны Гродна падрыхтаваліся да масленічнага тыдня, які праходзіць з 16 па 22 лютага. Ва ўстановах прапануюць тэматычныя блінныя сэты з салодкімі і салёнымі начыннямі. Hrodna.life склаў спіс месцаў, дзе ў Гродне можна паесці бліны.
Кафэ: мандарынавыя і макавыя бліны
Рэстабар Pablo на Савецкай, 13 прапануе бліны з ласосем і крэм-чызам, ялавічынай і грыбамі, а таксама з сулугуні і шпінатам. З салодкіх пазіцый — парэчкавы джэм са смятанай, тварог і карамель, а таксама тамлёны апельсін і міндаль. Кошт блінных страваў — ад 14 да 19 руб.
Кафэ Grand на Ажэшкі, 35 таксама ўдзельнічае ў масленічным тыдні. Да свята там распацавалі асобнае меню — падаюць бліны з гімалайскай соллю, (4 руб.), з курыцай і сырам (15 руб.) і грыбамі (15 руб.).
Ёсць і салодкія пазіцыі. Блін з вішняй у шакаладзе і каньяку (15 руб.), макавы блін з кляновым сіропам (12 руб.) і блін з тварожным сырам і мандарынам (12 руб.).


Рэстараны: ікра, марожанае і блінны суп
У рэстаране «Барашка» на Калючынскай, 23 прапануюць пакаштаваць асобны масленічны сэт. На закуску – тартар з ялавічыны на аладках (22 руб.) або бліны з рыетам (прадукт накшталт паштэта) з ласося (20 руб.) На гарачае – бліны з мясам па-грузінску (18 руб.), мачанка з шкваркамі і аладкамі (21 руб.).Будуць падаваць і аўстрыйскі суп з блінамі і куранём (13 руб.). На дэсерт — бліны з крэмам з варанай згушчонкі (13 руб.).


У рэстаране гатэля «Кронон»масленічнае меню дзейнічае да 22 лютага. Будуць бліны з тартарам з ласося, бульбай і яйкам, а таксама крэп з аблепіхавым соусам і ванільным марозівам. Наведвальнікі могуць замовіць простыя бліны з дадаткамі: масла, тварог і разынкі, курыца або чырвоная ікра.
Рэстаран «Пешков» на Горкага, 27 прапануе блін з ірванай ялавічынай (11 руб.), з ласосем і кропам (12 руб.), са згушчонкам і бананам (8 руб.), а таксама з тварагом і вішняй (8 руб.).


Бістро: бліны з салатай “Цэзар” і халапеньё
Блінная лабараторыя Crepes Lab на бульвары Ленінскага Камсамолу, 56 не прапануе асобных пазіцый да масленіцы. Тым не менш фуд-трак спецыялізуецца на французскіх блінах «крэпах».
У меню: блін з начыннем салаты «Цэзар» (14 руб.), блін з курыцай і халапеньё (13 руб.), а таксама з рознымі сырамі (17 руб.).
Ёсць класічныя – з салодкімі і салёнымі начыннямі. Кошт – ад 9 да 11 руб.
Чытайце таксама: Перанеслі дату «Гродзенскага РазГуляя» – фестываль пройдзе 22 лютага



