З прапановай выдаваць беларусам і ўкраінцам “карту рускага” у Дзярждуме выступіў дэпутат Міхаіл Дзялягін. Ён лічыць, што руская дыяспара “падвяргаецца дыскрымінацыі за прыналежнасць да этнасу”. Каб умацаваць сувязі дыяспары з Расіяй, яе прадстаўнікам хочуць выдаваць “карту рускага”, піша gazeta.ru.
Па словах Дзялягіна, колькасць расійскай дыяспары ў свеце налічвае ад 20 да 30 млн чалавек. Частку з іх дыскрымінуюць за мову і культуру. Дэпутат прапанаваў міністру замежных спраў Сяргею Лаўрову “ўвесці дакумент па аналогіі з картай паляка” – “карту рускага”.
“Гэты механізм будзе садзейнічаць узмацненню глабальнага мяккага ўплыву Расіі, а таксама якаснай міграцыі”, – упэўнены Дзялягін.
Навошта людзям “карта рускага”?
Дзялягін лічыць, што дакумент будзе пацвярджаць прыналежнасць уладальніка “да рускага народа”, нават калі ў яго няма грамадзянства РФ або ВНЖ.
Пры наяўнасці карты, разважае дэпутат, уладальнік мог бы атрымліваць візу ў Расію бясплатна і ў паскораным парадку. Легальна працаваць ці весці бізнес у краіне, а таксама атрымліваць адукацыю за кошт дзяржавы. “І, у выніку, грамадзянства РФ”, – заключаецца ў дакуменце.
Каму будуць выдаваць карту?
На думку Дзялягіна, “карту рускага” можна выдаваць грамадзянам іншых краін, якія лічаць сябе “часткай рускага народа”. У гэты спіс ён уключае этнічных украінцаў і беларусаў. Але сваё сваяцтва з «рускім народам» прыйдзецца пацвердзіць – або дакументальна, або здаўшы генетычны тэст.
Перавагай пры выдачы “карты рускага” будуць лічыць прыналежнасць да РПЦ, а таксама актыўную грамадскую, журналісцкую або медыйную дзейнасць, якая “прасоўвае дзяржаўныя інтарэсы Расіі”.
Каму “карту рускага” дакладна не выдадуць?
Дзялягін упэўнены, што “карту рускага” ні пры якіх абставінах нельга выдаваць удзельнікам вайны, якія выступалі на баку Украіны. А таксама тым, хто быў у арганізацыях, прызнаных на тэрыторыі РФ тэрарыстычнымі ці непажаданымі. “Вёў сістэматычную дзейнасць па дыскрэдытацыі і дыскрымінацыі рускай культуры, мовы або палітыкі РФ”, – дадае Дзялягін.
Чытайце таксама: Рускі дом у Гродне збірае пасылкі для ўдзельнікаў “СВА”



