Гродзенец Глеб Юр’евіч Рыбчанка 20 лютага папоўніў спіс “экстрэмістаў”. Мужчына апынуўся там пасля прысуду Гродзенскага абласнога суда, дзе яго судзілі ў тым ліку за акт тэрарызму.
Мужчыну судзілі ў Гродзенскім абласным судзе па васьмі артыкулах Крымінальнага кодэкса, у тым ліку за акт тэрарызму і пашкоджанне шляхоў зносін:
- ч. 1 арт. 130 “Распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці або варажнечы”,
- ч. 3 арт. 289 “Акт тэрарызму”,
- ч. 2 арт. 290-4 “Стварэнне арганізацыі для ажыццяўлення тэрарыстычнай дзейнасці альбо ўдзел у ёй”,
- ч. 4 арт. 309 “Наўмыснае прывядзенне ў непрыдатнасць транспартнага сродку або шляхоў зносін”,
- ч. 3 арт. 361 “Стварэнне экстрэмісцкага фарміравання альбо ўдзел у ім”,
- ч. 1, 2 арт. 367 “Паклёп у дачыненні да Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь”,
- ч. 1 арт. 368 “Абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь”,
- арт. 369-1 “Дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь”.
31-гадовы мужчына адбывае пакаранне. Які прысуд яму вынеслі, невядома, піша Telegram-канал “Право имеют”.
Ч. 3 арт. 289 КК прадугледжвае аж да пажыццёвага зняволення. Што тычыцца ч. 4 арт. 309 КК, больш актыўна гэты артыкул пачалі выкарыстоўваць пасля ўварвання расійскіх войскаў ва Украіну ў лютым 2022 года, піша “Вясна”. Шмат расійскай ваеннай тэхнікі перамяшчалася па чыгуначных шляхах. Беларусы выводзілі са строю чыгуначнае абсталяванне, каб перашкодзіць руху тэхнікі. “Рэйкавых партызан” пачалі судзіць адразу па шэрагу крымінальных артыкулаў, сярод якіх былі арт.309 КК і арт. 289 КК (акт тэрарызму). Ім прызначылі пазбаўленне волі тэрмінам ад 11 гадоў калоніі да смяротнага пакарання.
Чытайце таксама: Суседзі “здалі” гаспадара кватэры і прапанавалі сілавікам крэселка. Што мы даведаліся пра “ліквідацыю тэрарыста” з дзяржТБ



