У Гродне абследуюць арачны мост на Дзяржынскага і два пуцеправоды на Горкага. Па замове мясцовых уладаў разлічаць грузападымальнасць і выдадуць тэхнічную справаздачу. Работы завершаць да канца сакавіка.

Мост на Дзяржынскага над Гараднічанкай знаходзіцца ў пачатку вуліцы, паміж паркам Жылібера і плошчай Леніна. Пуцеправоды над чыгункай на Горкага знаходзіцца недалёка ад будынка Следчага камітэта – па іх можна трапіць у былую вёску Грандзічы і мікрараён Зарыца.

На мастах будуць шукаць дэфекты, ацэняць карозію і парушэнні бетону. Для даследавання выкарыстоўваюць ультрагукавы метад.

Абследаванне павінна выканаць спецыялізаваная арганізацыя, якая мае атэстат на выкананне гэтых відаў работ.

Зараз у Гродне рамантуюць мост праз Юрысдзіку. Летась адкрылі пешаходны мост праз яр у раёне вуліцы Фамічова. У раёне вёскі Калеты Гродзенскага раёна на ўчастку Гродзенскай пагранічнай групы адрамантуюць мост праз раку Шляміца.