Сям’я Сіраш, якая жыве на Кляновай, 23 у Гродне, тройчы скардзілася камунальным службам на цвіль у кватэры. Супрацоўнікі УЖРЭП Кастрычніцкага раёна замянілі радыятар і параілі часцей праветрываць кватэру, піша «Гродзенская праўда».
Сям’я з трыма дзецьмі жыве на вуліцы Кляновай, 23.
– Праблема волкасці, падцёкаў была заўсёды – як толькі пройдуць моцныя дажджы, сцены намакаюць, – распавяла гаспадыня Соф’я Сіраш. – Летась нам замянілі пакрыццё даху, і такіх моцных падцёкаў на ўнутраных сценах у зале ўжо няма. На балконе таксама ўсё добра. Засталася праблема цвілі ў дзіцячай.
З цвіллю ў пакоі змагаюцца ўласнымі сіламі: апрацоўвалі сцены, чысцілі вентыляцыю, у дзвярах у ваннай зрабілі дзіркі. Гэта не дапамагло – у маразы сцяна з боку вуліцы прамярзае, таму з’яўляецца вільготнасць. Больш за тое, тэмпература ў пакоі ніжэй, чым у астатняй кватэры.
За тры гады гродзенцы тройчы звярталіся ў камунальныя службы. Яны лічаць, што праблему можна вырашыць, уцяпліўшы кватэру, таму што волкасць пранікае ў першую чаргу праз швы блокаў.
УЖРЭП: не сушыць бялізну ў пакоі і часцей праветрываць кватэру
Ва УЖРЭП Кастрычніцкага раёна паведамілі, што ведаюць аб праблеме — і «ліквідавалі выяўленыя недахопы». У сумежнай кватэры таксама правялі абследаванне і праблем не знайшлі.
Камунальнікі пацвердзілі, што ў пакоі з цвіллю слаба грэе металічная батарэя, якую жыхары ўстанавілі самі. Яе замянілі на чыгунны радыятар. Таксама гарадзенцам параілі часцей рабіць мікраправетрыванне і сушыць бялізну ў ваннай ці на балконе.
Уцяпляць дом на Кляновай, 23 у гэтым годзе не будуць – пакуль у планах толькі абследаванне і распрацоўка праектнай дакументацыі. У якасці альтэрнатывы жыхарам прапануюць зрабіць вонкавае ўцяпленне за ўласныя грошы.
Чытайце таксама: Кампрамонт у Гродне: якія дамы адрамантуюць у 2026 годзе?




