Сквер на высокім беразе Нёмана па вуліцы Дарвіна ў Гродне чакае другая чарга рэканструкцыі. Пакуль праект на стадыі распрацоўкі перадінвестыцыйнай дакументацыі.

Гарвыканкам плануе рэканструяваць другую частку сквера, па другі бок ад вуліцы Гарнавых. У скверы з’явіцца новая жалезабетонная ратонда, асвятленне, велапаркоўка і пляцоўка для нестацыянарнага гандлёвага аб’екта.

Асновай для праекта стане эскізная прапанова Упраўленне будаўніцтва, архітэктуры і горадабудаўніцтва Гродзенскага гарвыканкама.

Пры рэканструкцыі сквер цалкам пераробяць. У тым ліку дэмантуюць асфальтавыя і пліткавыя дарожкі. Для сквера прыменяць новыя тыпы пакрыццяў і абсталявання.

За распрацоўку дакументацыі Гродзенская ЖКГ заплаціць 28 750,83 рублёў. Работы плануюць завяршыць у 2027 годзе.


Сквер на Дарвіна стане часткай адзінага турыстычнага маршруту: пешаходны мост праз Нёман, Леванабярэжная, затым пад’ём у сквер, адтуль – прамы выхад да аквацэнтра “Лазурный”, які адкрыецца да фестывалю нацыянальных культур. Пра гэта паведаміў падчас прамога эфіру старшыня Гродзенскага гарвыканкама Андрэй Хмель.

Упершыню добраўпарадкаваннем сквера на Дарвіна заняліся ў 2018 годзе. Тады там з’явілася аглядная пляцоўка з ратондай. Увосень 2025 скончылі рэканструкцыю першай паловы сквера-там усталявалі новыя крамы, арэлі і скульптуру.