Галоўнае ўпраўленне ідэалагічнай работы і па справах моладзі Гродзенскага аблвыканкама шукае медыя, у якім будзе публікаваць віншаванні. Усяго на гэтым можна будзе зарабіць 266 957 рублёў.

Што трэба публікаваць?

Аблвыканкам заплаціць за публікацыю афіцыйных віншаванняў з:

  • дзяржаўнымі святамі (Дзень Канстытуцыі, Дзень яднання народаў Беларусі і Расіі, Дзень Перамогі, Дзень Дзяржаўнага герба і Дзяржаўнага сцяга, Дзень незалежнасці, Дзень народнага адзінства,
  • рэлігійнымі святамі (Раство Хрыстова па праваслаўным і каталіцкім календары), Вялікдзень (па календары праваслаўнай і каталіцкай канфесій),
  • святочнымі днямі (Новы год, Дзень абаронцаў Айчыны і Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь, дзень жанчын, Свята працы, Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі),
  • Днямі адукацыі г. Гродна і Гродзенскай вобласці, юбілейнымі датамі гарадоў вобласці, прафесійнымі святамі.

Таксама трэба размяшчаць:

  • нарматыўныя прававыя акты Гродзенскага аблвыканкама,
  • нарматыўныя прававыя акты Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў,
  • інфармацыю аб дзейнасці Гродзенскага аблвыканкама і Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў,
  • інфармацыю аб дзейнасці грамадскіх аб’яднанняў і палітычных партый,
  • інфармацыю аб рэалізацыі дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі ў Гродзенскай вобласці,
  • інфармацыю аб людзях, якія ўнеслі значны ўклад у развіццё Гродзенскай вобласці (ветэранах вайны і працы, перадавіках вытворчасці, вучоных, грамадскіх дзеячах і інш.),
  • матэрыялы па грамадска-палітычнай сітуацыі ў краіне, вобласці, раёнах Гродзеншчыны.

Якое медыя пасуе?

Газета павінна выходзіць не менш за 2 разы на тыдзень. Тыднёвы тыраж газеты павінен складаць не менш за 20 000 асобнікаў. Там павінны быць каляровыя палосы. А яшчэ – аўтарская падача матэрыялу, якасныя фотаматэрыялы. Газета павінна распаўсюджвацца праз “Белпошту”.

Пад апісанне, як і ў выпадку з закупкай Гродзенскага гарвыканкама, пасуе толькі “Гродзенская праўда”. За падобныя публікацыі ад гарвыканкама яна атрымае яшчэ 120 000 рублёў.