Улады Гродна ў новым сезоне плануюць рашуча змагацца з чайкамі, якія плодзяцца і замінаюць жыхарам. Пра запланаваныя крокі распавёў старшыня гарвыканкама Андрэй Хмель падчас стрыму.
Да сітуацыі з птушкамі падключылі навукоўцаў: спецыялісты вывучылі, колькі чаек прылятае ў горад, як яны перамяшчаюцца і дзе часцей за ўсё селяцца. На аснове гэтых назіранняў гарадскія ўлады падрыхтавалі план дзеянняў, які пачнуць укараняць ужо сёлета, паведамляе Тэлерадыёкампанія «Гродна».
Што плануюць зрабіць
У першую чаргу зоймуцца сметніцамі. На думку навукоўцаў, менавіта адкрытыя бакі сталі галоўным «магнітам» для птушак. Зараз дапрацоўваюць вечкі з пружынамі — пасля выкідання смецця яны будуць самі зачыняцца, каб чайкі не маглі дабрацца да ежы.
Таксама плануюць прывесці ў парадак дахі дамоў. Чайкі ахвотна ўюць гнёзды на дахах з мохам, керамзітам і іншымі мяккімі матэрыяламі. Гэтыя ўчасткі збіраюцца ачысціць, каб птушкам не было дзе гнездавацца.
Яшчэ адна мера — устаноўка ўльтрагукавых адпужвальнікаў. Горад ужо атрымаў дазвол на іх выкарыстанне, абсталяванне гатова да мантажу.
Андрэй Хмель адзначыў, што эфект будзе заўважны не адразу, але сітуацыю абяцаюць трымаць пад кантролем.
«Я гатовы гарантаваць, што жыхары ўбачаць паляпшэнне сітуацыі. Так, вясенняя міграцыя пакажа, наколькі мы эфектыўныя, але праца будзе працягнутая. Мы будзем рэгуляваць колькасць гэтага віду і мінімізаваць праблему», — падкрэсліў Андрэй Хмель.

Папуляцыя чаек расце ўжо 15 гадоў
У гарадской мяжы чайкі з’явіліся не ўчора. Яшчэ ў 2016 годзе выданне «Вячэрні Гродна» пісала пра павелічэнне папуляцыі чаек і праблему з гэтымі пернатымі, якая толькі пачыналася. Тады, паводле ацэнкі арнітолагаў, у горадзе жыло каля тысячы асобін.
Птушкі прыляталі з Мінска і Міжземнамор’я, дзе яны адаптаваліся да жыцця побач з людзьмі яшчэ раней.
Чайкі ў Гродне жывуць на дахах у розных раёнах горада: на БЛК, Дзевятоўцы, праспекце Касманаўтаў, вуліцах Белуша і Лідскай. Шмат птушак — на даху рынку «Карона» і на прадпрыемствах: «КСМ», «Хімвалакно», «Гродна Азот».
— Чайкі каланізуюць гарады, бо лёгка адаптуюцца. Яны кормяцца адходамі, для гнездавання выбіраюць дахі, дзе няма драпежнікаў, — тлумачыў тады арнітолаг Дзмітрый Вінчэўскі.
Згодна з улікамі 2023 года, каля 75% вялікіх белагаловых чаек Беларусі гнездаваліся на дахах розных будынкаў у дзевяці гарадах і пасёлках. І толькі 25% займалі розныя прыродныя біятопы (тэрыторыі з аднатыпным асяроддзем і ўмовамі для жыцця пэўных відаў). У 2018–2022 гадах у Гродне вялікія белагаловыя чайкі налічвалі 101–300 пар на гнездаванні. Для параўнання, у Мінску папуляцыя складала 3–5 тыс. пар, у Віцебску — 1–3 тыс.
Улады і раней шукалі рашэнне, але безвынікова
Арнітолагі і гарадскія ўлады шукалі шляхі вырашэння праблемы.
Пра яе раней казаў і Андрэй Хмель. Яшчэ ў 2024 годзе навукоўцам было дадзена даручэнне вывучыць пытанне міграцыі птушак.
— Пытанне няпростае, бо ў межах заканадаўства сёння ўзяць і ачысціць тэрыторыю ад чаек, у тым ліку ад кладак яек, ад птушанят — праблемна, бо гэта выразна рэгулюецца законам. Разам з тым, нядаўна на вуліцы Церашковай гэтая праблема вырашалася. Сёння, каб хоць неяк выключыць з’яўленне новых лакацый рассялення чаек, мы разам з гарадской ЖКГ спрабуем розныя метады тэхнічнага характару — адпужвальнікі, напрыклад. Мы рэагуем і будзем працягваць у межах заканадаўства. Крыху цярпення, з часам гэтае пытанне будзе вырашана, — казаў Андрэй Хмель.
А пакуль улады шукалі выйсце, некаторыя гродзенцы дзейнічалі самастойна і радыкальна: разаралі гнёзды птушак. Напрыклад, было зафіксавана два такія выпадкі: на вуліцы БЛК і на вуліцы Паповіча.



