У 2026 годзе пачнуць распрацоўваць праекты сярэдняй школы і дзіцячага садка ў Грандзічах. Іх плануюць пабудаваць да верасня 2028 года, паведаміў у эфіры «Гродна Плюс» старшыня Гродзенскага гарвыканкама Андрэй Хмель.
У студзені 2026 чыноўнікі ўжо выказваліся аб будаўніцтве дзіцячага садка ў Грандзічах. Тады Хмель адзначаў, што бюджэтныя сродкі лепш патраціць на аднаўленне ўжо існуючых садкоў, чым будаваць яшчэ адзін у мікрараёне.
Ідэю з мадэрнізацыяй старых садкоў падтрымліваў і намеснік старшыні Гродзенскага гарвыканкама Віталь Мамачкін. А дэпутат Сяргей Мазайла ўвогуле прапаноўваў бацькам адвозіць дзяцей у цэнтральныя сады раніцай, а пасля – “няспешна з працы забіраць” і вяртацца разам дадому.
Па тэме: Новы дзіцячы садок у Грандзічах не пабудуюць — і вось чаму
Праз паўтара месяца ў эфіры “Гродна Плюс” Мазайла зноў агучыў сваю прапанову адвозіць дзяцей у цэнтр – ён лічыць, што “па лагістыцы гэта значна хутчэй і зручней”.
У адказ Хмель падкрэсліў, што дзіцячы садок у Грандзічах усё ж такі будзе.
У 2021 годзе ў Грандзічах запрацаваў дзіцячы садок на 230 месцаў. Восенню 2024 года ў мікрараёне адкрылі яшчэ адзін сад на 335 чалавек – дашкольная ўстанова лічыцца самай вялікай у вобласці. Пры гэтым па падліках уладаў ужо да 2030 года ў мікрараёне будзе жыць больш за 60 тыс. чалавек.
Чытайце таксама: Дзіцячую паліклініку на Гагарына хочуць перанесці ў будынак бальніцы №2


