У Гродне выставілі на продаж частку былой кафлярні на вуліцы Чырвонаармейскай, 87Б. Аб’ява з’явілася на сайце агенцтва нерухомасці «Юрэліт». Гэтае ж агенцтва прапануе будынак і ў арэнду.
Гаворка ідзе пра адзін з корпусаў кафлянага завода князёў Друцкіх-Любецкіх (Станіславоўскай кафлярні).
Будынак, які зараз хочуць прадаць, быў пабудаваны ў 1935 годзе. У 2015 годзе яго набыла кампанія «Леўта і С», а ў 2016-м пабудове надалі статус гісторыка-культурнай каштоўнасці. Потым яго адрэстаўравалі: захавалі арыгінальны фасад і надбудавалі дадатковы паверх.
Што ёсць у будынку
Агульная плошча па будаўнічых нормах — 319,3 м², нармуемая — 218,5 м². У апісанні пазначана, што будынак цагляны, з жалезабетоннымі перакрыццямі і металічным двухсхільным дахам. Усталяваны драўляныя шклапакеты, ёсць газавы кацёл, цэнтральныя водаправод і каналізацыя, інтэрнэт, сістэма вентыляцыі, відэаназіранне і супрацьпажарная сігналізацыя.
Прадаць аб’ект хочуць за $235 тыс. (цана пазначана без ПДВ — гэта значыць, што да сумы можа дадаткова налічвацца падатак на даданую вартасць, калі здзелка абкладаецца ПДВ). Таксама будынак можна арандаваць: стаўка — ад 32 рублёў за квадратны метр (прыкладна ад $11).

Гісторыя будынкаў і продажу
Гродзенскія майстэрні па вытворчасці кафлі князёў Друцкіх-Любецкіх (Станіславоўская кафлярня) пачалі працу ў 1895 годзе. Там выраблялі плітку для аднаўлення Гродна пасля пажару 1885 года. Да канца 1930-х гадоў там рабілі печную плітку і арнаменты, кафляныя лазні і ганчарныя вырабы на замовау. Савецкая ўлада нацыяналізавала майстэрні. Вытворчасць аднавілі пасля Другой сусветнай вайны.
У 1950 годзе завод увайшоў у склад Камбіната будаўнічых матэрыялаў разам з цагляным, чарапічным і вапнавым заводамі. Там выпускалі шэрую і глазураваную плітку, кафлю, тэракоту. Рабілі плітку для Сталінградскай ГЭС (зараз — Волжская ГЭС).
У 2019 годзе будынкі завода (акрамя ўжо выкупленага аднаго корпуса) хацеў забраць за сімвалічную плату ці бясплатна і аднавіць Андрэй Разін з «Ласкового мая». Уладальнік асноўнай часткі завода — трэст «Гроднагарбуд» — збанкрутаваў. Участак у 0,21 га каля былога завода прадавалі на аўкцыёне ў 2019 годзе за 29,2 тысячы рублёў. Паводле ўмоў, там маглі пабудаваць гандлёва-выставачную пляцоўку для рамеснікаў.

Комплекс будынкаў выставілі на продаж у канцы жніўня 2021 года. Пакупнікоў не было, і аўкцыён не адбыўся. Кошт лота знізілі ўдвая, да 879 тыс. рублёў. У студзені 2022 года на Чырвонаармейскай прапаноўвалі купіць будынак — частку Станіславоўскіх майстэрняў — з участкам за пачатковую цану ў 351,6 тыс. рублёў (мінімальная цана была 175,8 тыс. рублёў).
Плошчу зямлі да продажу тады вызначылі ў 0,4 га. У сакавіку 2022 года ўчастак выставілі на таргі ўжо за 47,3 тыс. рублёў. Пад будаўніцтва можна было арандаваць участак плошчай 0,19 га.
У 2024 годзе стала вядома, што галоўны вытворчы корпус кафлянага завода князёў Друцкіх-Любецкіх (кафлярні 1895 г.) на вуліцы Чырвонаармейскай, 87 плануюць рэканструяваць пад шматфункцыянальны будынак. Пасля рэканструкцыі там хочуць адкрыць спартыўныя, адміністрацыйныя, бытавыя і гандлёвыя памяшканні.



