Фатограф з Гродна трапіў у залежнасць ад анлайн-казіно. Грошы на стаўкі атрымліваў ад кліентаў, якім прадаваў абанементы на фотасесіі, але замовы так і не выконваў, пісала ў студзені 2026 года пракуратура. Суд прызнаў беларуса вінаватым і прызначыў два гады “хатняй хіміі”. Гродзенец Ігар Трыкіша вырашыў распавесці сваю гісторыю ў Threads, каб іншыя не паўтарылі ягоных памылак.
«Ныццё дапамагло сабраць грошы»
Фатограф пачаў іграць у 2022 годзе ў беларускае анлайн-казіно. Піша, што раней асуджаў лудаманію, а яго першая ігра пачалася са стаўкі ў 5 руб., якія ён у выніку прайграў.
Пасля, па словах гродзенца, у яго жыцці здарылася непрыемнасць – растаўся з дзяўчынай. Каб «пабавіць час», Ігар зноў зайшоў у анлайн-казіно. Беларус выйграў 2 тыс. руб. – тады здарыўся “пераломны момант” і фатограф стаў “закладнікам ілжывага ўяўлення, што так можа быць заўсёды”.
Мужчына пачаў усё часцей заходзіць у гульню, з’яўляліся першыя даўгі, таму што на той момант ён не працаваў. «Ныццё дапамагло сабраць грошы», – дадае гродзенец.
Прадаў 17 абанементаў на 3,5 тыс. – здымкі не адбыліся
Да канца 2022 года Ігар іграў на сумы ў 100-200 рублёў. У 2023 годзе беларус усвядоміў, што ў яго залежнасць. Спрабаваў не іграць, уладкаваўся на працу. Але сітуацыя пагаршалася – да казіно дадаліся самапашкоджанні, агрэсія і паніка. Гродзенец пісаў у службу падтрымкі анлайн-казіно, каб яго акаўнт заблакавалі — але яму адмаўлялі. “Хачу дапоўніць, што я вельмі эмацыйны чалавек, і лёгка падсаджваюся на ўсё, што дае рэзкі ўсплёск гармонаў”, – пісаў Ігар.
Пасля беларус даведаўся, што можна прадаваць абанементы на фотасесіі. Думаў, зробіць каля 20 здымкаў і верне ўсе даўгі. Паводле інфармацыі пракуратуры, фатограф паспеў прадаць 17 абанементаў – на прапанову адгукаліся беларускі з усёй краіны. У агульнай суме дзяўчыны пералічылі фатографу 3,5 тыс. руб. Здымкі так і не адбыліся.
У сацсетках фатограф тлумачыць, што тады яго настрой скакаў “быццам на амерыканскіх горках”. Усё, што ён “зарабляў”, укладваў у гульню. Мужчына дадае, што пачаў дзяліцца сваімі праблемамі ў сторыс – бачачы гэта, кліенты адмянялі здымкі. Іншыя кліенты пачалі падаваць заявы ў міліцыю. У той момант гродзенец зразумеў, што органы могуць ім зацікавіцца.
Атрымаў два гады “хатняй хіміі”
У траўні 2025 да беларуса «прыйшлі два аператыўнікі, забралі ў аддзяленне». Далі выбар – сесці ў СІЗА ці напісаць чыстасардэчнае прызнанне. Фатограф абраў другі варыянт. Суд прызнаў фатографа вінаватым і прызначыў яму два гады хатняй “хіміі” па ч. 1 і ч. 2 арт. 209 КК “Махлярства”. Суд вырашыў, што мужчына “загадзя вырашыў не аказваць паслугі”. Ігар упэўнены, што калі б у яго быў адвакат – адсутнасць “намеру” можна было б даказаць.
Беларус сцвярджае, што не грае ўжо год. Таксама спрабуе ўладкавацца на завод, але адзначае, што з заробку не зможа пакрыць назапашаныя даўгі. Дзе ўзяць грошы, каб вярнуць іх кліентам, гродзенец не ведае.
У каментары прыйшлі кліенты, здымкі з якімі не адбыліся. Хтосьці заклікае фатографа сабрацца і вярнуць грошы. Іншыя падтрымліваюць Ігара і дзякуюць за сумленнае апавяданне.
Чытайце таксама: “Мой хлопец памёр ад перадазіроўкі”. Як беларускі пачалі ўжываць наркотыкі – і своечасова спыніліся



