Новыя транспартныя карткі ў Гродне аформлены на рускай мове. Чытач Hrodna.life пацікавіўся ў адміністрацыі «Аўтобуснага парка Гродна», чаму для іх не выкарыстоўвалі беларускую мову. Вось што яму адказалі — дакумент трапіў у распараджэнне рэдакцыі.

У конкурсе «Аўтобуснага парка Гродна» перамог дызайн карткі з беларускай мовай. Але калі яе выпусцілі, аказалася, што картка — на рускай. Чытач Hrodna.life пацікавіўся, чаму так. На прадпрыемстве ўспомнілі пра Канстытуцыю — маўляў, у Беларусі дзве дзяржаўныя мовы.

Таксама паведамілі, што ў гарадскім грамадскім транспарце на працягу доўгага часу выкарыстоўваецца беларуская мова — у агучванні прыпынкаў, службовай інфармацыі, у афармленні талонаў і праездных білетаў. Тое самае адбываецца і ў іншых гарадах.

Роўнасць дзвюх моў

«Наша прадпрыемства прытрымліваецца прынцыпаў роўнасці ў двухмоўі, не аддае перавагі і не робіць выключнай адну з дзяржаўных моў», — гаворыцца ў адказе за подпісам намесніка дырэктара па перавозках аўтобуснага парка Андрэя Эйсманта.

Выкарыстанне рускай мовы ў дызайне пілотнага тыражу транспартных картак, паводле інфармацыі прадпрыемства, не лічыцца парушэннем моўнага заканадаўства і не азначае прыярытэту адной з дзяржаўных моў. У «Аўтобусным парку Гродна» заявілі, што іх мэта — забяспечыць камфорт для ўсіх пасажыраў.

транспортная карта
Дызайн, які перамог у конкурсе. Фота: ap1.by

У дызайн картак былі ўнесены моўныя змены

Конкурс на лепшы дызайн гарадской праязной карткі аўтобусны парк абвясціў восенню 2025 года. Пасля таго як гродзенцы прыслалі свае варыянты, прайшло анлайн-галасаванне, у якім усе ахвочыя маглі выбраць найбольш удалы дызайн. На конкурс паступіла 41 работа.

Выйграў конкурс 17-гадовы гродзенец Руслан Бубновіч. У сацсетках ён казаў, што першапачаткова макет быў выкананы на беларускай мове, аднак па патрабаванні заказчыка ў яго ўнеслі змены, і ў выніковым варыянце была выкарыстана руская мова.

Дарэчы, плануецца, што да гарадскіх мерапрыемстваў ці фестываляў знешні выгляд чыпа будуць мяняць — плануюць выпускаць лімітаваныя серыі. Ці будуць яны на беларускай мове — не ўдакладняецца.