У Гродне збіраюцца знесці некалькі старых дамоў — участак, на якім яны размешчаны, выставілі на аўкцыён. Гаворка ідзе пра тэрыторыю ў завулку Куйбышава, у раёне вуліцы Карскага. Пад забудову вылучаюць участак плошчай 24 соткі, яшчэ невялікую тэрыторыю — 1,9 соткі — адвядуць пад добраўпарадкаванне.

Аб’ява аб аўкцыёне з’явілася на сайце Гродзенскага цэнтра нерухомасці. Дата таргоў пакуль не прызначана, стартавая цана ўчасткаў — 123 тысячы рублёў. Зямлю аддаюць у арэнду на 50 гадоў.

Будынкі, якія раней былі жылымі, зараз закінутыя — хутчэй за ўсё, яны знаходзяцца ў санітарна-ахоўнай зоне «Гродна Азота».

У Гродне ў раёне вуліцы Карскага знясуць старыя дамы. Там прапануюць пабудаваць склад
Дамы, якія плануюць знесці. Фота: gcn.by

Паводле ўмоў аўкцыёну, дамы прапануюць знесці, а на вызваленым месцы пабудаваць аб’ект камунальна-складскога прызначэння.

Таксама на ўчастках знаходзяцца дарожныя пакрыцці, дрэвы і кусты. Пад зямлёй — інжынерныя камунікацыі.