Аблічча шахцёра беларускія навукоўцы аднаўлялі па чэрапе — яго астанкі знайшлі ў Ваўкавыскім раёне. Адноўлены вобраз апублікавалі ў выданні “Насельніцтва Беларусі. Альбом у тварах — погляд у мінулае», піша «Зеркало».
Астанкам чэрапа прыкладна 4,5 тыс. гадоў. Шахцёр працаваў на крэмнездабыўных шахтах на тэрыторыі Краснасельскага раёна. Выявіўшы чэрап, скульптар зрабіў бюст шахцёра. Пасля вучоныя рэканструявалі знешні выгляд старажытнага жыхара Ваўкавыска.

Навукоўцы даследуюць многія аб’екты, у тым ліку пахавальныя комплексы, расказаў дырэктар Інстытута гісторыі НАН Беларусі Вадзім Лакіза. Там знаходзяць антрапалагічныя матэрыялы, якія даюць багаты падмурак для высноў, таксама праводзяць спецыяльныя аналізы.
— Для нас важна паглядзець, як выглядалі нашы далёкія продкі ў розныя гістарычныя часы: пачынаючы з каменнага веку, заканчваючы эпохай позняга Сярэднявечча і ранняга Новага часу, – кажа Лакіза.
У альбом аб насельніцтве Беларусі ўвайшло 26 жыхароў з 23 месцаў па ўсёй тэрыторыі краіны. Аўтары ахапілі розныя гістарычныя перыяды і аднавілі вобразы старажытных жыхароў.
У снежні 2024 года ў сацсетцы Х ужо з’яўлялася рэканструкцыя асобы старажытнага чалавека, які пражываў на тэрыторыі Ваўкавыскага раёна. Візуалізацыю апублікаваў акаўнт Ancestral Whispers, які спецыялізаваўся на антрапалагічнай і археалагічнай тэматыцы.
Беларускія навукоўцы рыскрытыкавалі гэту рэканструкцыю і адзначылі яе антынавуковасць. Таму што для сапраўднага ўзнаўлення аблічча трэба праводзіць генетычны аналіз.
Самі ж астанкі старажытнага шахцёра з Ваўкавыска былі знойдзены ў 1962 годзе. Чэрап вывучалі яшчэ ў пачатку 1970-х, а ў 1980-х зрабілі рэканструкцыю знешнасці.



