У пачатку лютага Лукашэнка даручыў скарэктаваць асвятленне на вуліцах краіны. Паводле яго слоў, увечары ліхтары ўключаюць занадта рана, калі на вуліцы і так хапае натуральнага святла. Першымі аб новаўвядзенні пачалі выказвацца жыхары сталіцы. З’явіліся і мемы ў выглядзе карты Беларусі, дзе адзін Мінск выглядае неасветленым. Гродзенцы таксама незадаволеныя.
«У Гродне выключылі сёння [асвятленне] да 19:00. Ехала за рулём, людзей не відаць ад слова зусім», — праз суткі пасля заявы Лукашэнкі напісала адна з гродзенак.
Яшчэ адна гараджанка пацвердзіла, што пасля сямі вечара святло ў Гродне не ўключылі. А іншая карыстальніца Threads адзначыла, што ў зімовы час года світанак у горадзе надыходзіць а дзявятай раніцы, заход – у шэсць вечара.
«Сёння ехаў на працу. Цёмна. Слізка. І тут у дадатак выключаецца ўсё асвятленне. Проста п*****ц! Д***я зэканомілі?» — пацікавіўся адзін з гродзенцаў.
Як будуць мяняць рэжым асвятлення на вуліцах?
У прэс-службе Мінэнерга паведамілі аб далейшых дзеяннях, звязаных з вулічным асвятленнем. Адна з першарадных задач на думку міністэрства – “эфектыўна выкарыстоўваць электраэнергію”.
Плануюць кіравацца наступнымі прынцыпамі:
- усталёўваць рэжым працы ліхтароў з улікам часу ўзыходу і заходу сонца;
- ля школ, бальніц і пешаходных пераходаў прымяняць “асаблівы рэжым” асвятлення;
- бяспека людзей – у прыярытэце.
У Мінску святло таксама патушылі раней – Мінэнерга пракаментаваў сітуацыю
У сераду, 4 лютага, вулічнае асвятленне ў Мінску таксама ўключылі пазней, чым звычайна — у 7 вечара. Але ўжо 5 лютага сітуацыя памянялася. Журналісты “Зеркало” пацікавіліся ў Мінэнерга і мясцовага гарвыканкама, як ліхтары будуць працаваць у іншыя дні.
У Мінэнерга адказалі, што вулічнае асвятленне ім “наогул не падпарадкоўваецца”. Ведамства адказвае за электрычныя сеткі, да якіх падключаецца Мінгарсвятло.
Мінгарсвятло ў размове з журналістам спасылаецца на рашэнне гарвыканкама. У сваю чаргу ў Мінгарвыканкаме прызналіся, што ім ужо паступіла шмат званкоў ад абураных гараджан.
“Гэта было рашэнне кіраўніцтва. Сёння так не будзе, гэта была разавая акцыя. Сёння ў шэсць гадзін уключыцца асвятленне. Як звычайна, як да гэтага ўключалася», – заявілі ў сакратарыяце гарвыканкама.
Аб карэкціроўцы вулічнага асвятлення Лукашэнка выказаўся 3 лютага на нарадзе па пытаннях сацыяльна-эканамічнага развіцця. Ён не разумее, навошта “ўсё ззяе ў шэсць гадзін вечара”. Лукашэнка ўпэўнены, што выключаць ліхтары ўжо можна а палове восьмай раніцы, «асабліва цяпер, калі святла шмат».
Ён даручыў чыноўнікам разабрацца з пытаннем: адрэгуляваць фотаэлементы, каб яны аўтаматычна “са штучным вашым інтэлектам” адключаліся ў 7 раніцы. Лукашэнка таксама дадаў, што на асвятленне траціцца шмат грошай.
Чытайце таксама: Гродна перавялі на LED-свяцільнікі для эканамічнай выгады. Як гэта паўплывае на здароўе людзей і прыроду?



