У «Гроднаэнерга» новы гендырэктар. Ім стаў Андрэй Шэршань. Папярэдні кіраўнік энергапрадпрыемства горада раптоўна знік з сайта. Паводле паведамленняў крыніц Hrodna.life, яго затрымалі за карупцыю і знялі з пасады.
Андрэй Шэршань нарадзіўся 12 чэрвеня 1978 года ў Лепелі Віцебскай вобласці. Ён скончыў Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт па спецыяльнасці «правазнаўства», затым Акадэмію кіравання пры прэзідэнце Беларусі па кірунку «эканоміка і кіраванне», а таксама прайшоў навучанне па эксплуатацыі цеплаэнергетычных установак.
Кар’еру пачаў у 1999 годзе ў пракуратуры Віцебска, дзе працаваў памочнікам пракурора. Пазней займаў розныя пасады ў пракуратуры Віцебскай вобласці.
З 2006 года перайшоў у энергетычную сферу: узначальваў юрыдычны аддзел і быў намеснікам дырэктара ў структурах «Віцебскэнерга». З 2009 па 2020 год кіраваў філіялам «Энергазбыт» РУП «Мінскэнерга».
З 2020 года Андрэй Шэршань быў намеснікам генеральнага дырэктара дзяржаўнага аб’яднання «Белэнерга». Таксама з’яўляецца дэпутатам Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў.
Месца гендырэктара «Гроднаэнерга» заставалася вакантным са снежня мінулага года. З 2020 года ведамства ўзначальваў Віктар Жук. У канцы 2025 года яго імя знікла з сайта арганізацыі, а ў графе «Генеральны дырэктар» на сайце «Гроднаэнерга» ніхто не значыўся. Паводле інфармацыі крыніцы Hrodna.life, яго затрымалі — меркавана, за карупцыю.



