На сайце Гродзенскага гарвыканкама паведамілі пра сход, на якім будуць абмяркоўваць справаздачу аб уздзеянні на навакольнае асяроддзе пры рэканструкцыі Дома быту на вуліцы Замкавай, 4.

Сход адбудзецца 9 лютага 2026 года ў 15:00 у кабінеце № 1 (1-ы паверх) упраўлення будаўніцтва, архітэктуры і горадабудаўніцтва Гродзенскага гарвыканкама па адрасе: пл. Антонія Тызенгаўза, 3.

Заказчыкам планаванай дзейнасці выступае ТАА «ЕўраПрэстыж». Распрацоўшчыкам справаздачы аб АУНА з’яўляецца ТАА «ЭталонПраект».

Грамадскія абмеркаванні АУНА і сход з гэтай нагоды — гэта абмеркаванне не архітэктурнага праекта, а яго ўздзеяння на навакольнае асяроддзе.

Што адбывалася з рэканструкцыяй Дома быту на Замкавай

Праект рэканструкцыі Дома быту ў цэнтры Гродна абмяркоўваюць ужо некалькі месяцаў. Будынак выкупіў гродзенскі бізнесмен Станіслаў Сямашка. Яго першы варыянт рэканструкцыі выклікаў крытыку ў гараджан, а потым і ў гарадскіх архітэктараў — з-за надбудаванага паверха і «псеўдагістарычнага» афармлення.

У выніку Сямашка змяніў праект, у якім ад многіх рашэнняў адмовіліся. Дом быту цяпер плануеццца зрабіць пяціпавярховым, без надбудовы і дэкаратыўных арак. Знешні выгляд будынка стаў больш стрыманым і блізкім да арыгінальнага — з захаваннем рыс савецкага мадэрнізму і новай, больш цёмнай каляровай гамай.

Прызначэнне будынка не змянілася: унутры па-ранейшаму плануюць размясціць офісы, кабінеты і каворкінгі. Паркоўку, як і ў першым варыянце, будаваць не будуць.

Як ішлі і перарываліся абмеркаванні па праекце Дома быту

Першыя грамадскія абмеркаванні павінны былі прайсці з 8 лістапада па 8 снежня 2025 года. Пасля крытыкі праекта Сямашкі, якую выказалі гараджане і горадабудаўнічы савет, гарвыканкам спыніў працэдуру — гэта адбылося 21 лістапада.

На 18 снежня быў запланаваны сход грамадзян, але напярэдадні Сямашка накіраваў ліст у гарвыканкам. У выніку сход адмянілі.

Пасля абмеркаванне аднавілі. Паводле сайта гарвыканкама, яно праходзіла з 15 да 31 снежня.У канцы снежня на сайце Гродзенскага гарвыканкама з’явіўся новы графік правядзення АУНА (ацэнка ўздзеяння на навакольнае асяроддзе) па рэканструкцыі Дома быту на Замкавай. Абмяркоўваць АУНА будуць да 14 лютага 2026 года. У межах гэтых тэрмінаў і пройдзе сход 9 лютага.