Інстаграм-акаўнт zatestil_grodno пратэставаў новую сістэму аплаты праезду ў грамадскім транспарце Гродна. Высветлілася: працуе яна пакуль не ідэальна і ёсць праблемныя месцы. Транспартную картку можна купіць і папоўніць толькі па двух адрасах у горадзе. Акрамя таго, аплаціць праезд атрымліваецца не ва ўсіх аўтобусах і тралейбусах — у некаторых выпадках валідатары проста не спрацоўваюць.
Аўтарка акаўнта паказала, як працуе сістэма: для аплаты трэба прыкласці транспартную картку да валідатара. Зялёны сігнал азначае паспяховую аплату, жоўты — спробу паўторнай аплаты, чырвоны — адмову. У адным з аўтобусаў так і атрымалася.
«Аплаціць, як я зразумела, можна не ўсюды, бо я сёння ехала ў аўтобусе, і там аплата не прайшла», — распавяла дзяўчына. Пры гэтым карткай можна аплаціць праезд толькі за аднаго чалавека.
Што кажуць і прапануюць гродзенцы
Новая сістэма выклікала актыўную рэакцыю ў гараджан. Многія ў каментарах крытыкавалі новаўвядзенне.
«Які сэнс гэтай карткі, калі гэта не праязны? Ціпа прыдумалі сваю банкаўскую картку для аўтобусаў… Маглі б ужо як у Мінску зрабіць — там рэальна зручна», — піша адзін з карыстальнікаў.
Іншыя адзначаюць, што сістэму ўкаранілі занадта рана:
«Няхай да розуму спачатку давядуць, а ўжо потым укараняюць! У вас картка першы дзень — і ў першы ж дзень аплата не прайшла!», — заўважыў нехта з гараджан.
Пытанні выклікае і немагчымасць аплаціць праезд адразу за некалькіх чалавек:
«Тое, што толькі аднаму чалавеку за раз можна аплаціць паездку — наогул глупства несусветнае», — лічаць карыстальнікі.
Гродзенцы таксама параўноўваюць транспартную картку са звыклымі праязнымі:
«Лепш за ўсё праязны — хоць 100 разоў катайся, а тут пэўная колькасць паездак, за якія плаціш», — напісала адна з каментатарак.
Многія задаюцца пытаннем, чаму ў горадзе да гэтага часу не ўвялі аплату банкаўскай карткай. На што іншыя карыстальнікі пацікавіліся, як тады кантралёр зможа праверыць, ці аплаціў чалавек праезд.

Пытанні з аплатай за картку
Гродзенцы недаўмяваюць і наконт кошту карткі — 4,28 рубля. «Картка павінна быць бясплатнай. Навошта плаціць за пластык, які каштуе амаль як пяць паездак», — напісала адна з карыстальніц. Іншыя адзначылі, што картку можна здаць і тады яе кошт вернуць.
Некаторыя заўважаюць, што сістэма можа стаць сур’ёзнай праблемай для сем’яў і пажылых людзей:
«Аплата не прайшла — і плаці штраф. Зрабілі лухту як заўсёды, лепш бы зрабілі дадатак, у якім можна купіць білет і аплаціць праезд, і аплаціць банкаўскай карткай, і аплаціць не важна за колькі чалавек. Уявіце, сям’я з 3 чалавек едзе ў транспарце — на кожнага свая картка, едуць на тралейбусе, даехалі да пункту А, далей патрэбны аўтобус — наступныя карткі. Гэта адстой», — напісала адна з карыстальніц.
Праўда, іншыя каментатары адказалі, што транспартная картка адна на ўсе віды грамадскага транспарту, проста папоўніць яе можна ў двух пунктах продажу.

Пытанні з папаўненнем карткі
Таксама гараджане прапаноўвалі зрабіць пункты папаўнення карткі на ўсіх прыпынках. «Я ўяўляю пажылых людзей з гэтай карткай. Адзін галаўны боль», — напісаў нехта з гараджан.
Пры гэтым частка каментатараў нагадвае, што папяровыя талоны і праязныя пакуль застаюцца. У каментарах таксама былі прапановы зрабіць мабільны дадатак або ўвесці аплату праз банкаўскія сэрвісы: «Лепш бы зрабілі дадатак, дзе можна купіць білет і аплаціць праезд»,
«Аплату банкаўскай карткай, калі ласка»,
«Прасцей праз “Аплаці”».
«Які сэнс гэтай карткі, калі гэта не праязны? Ціпа прыдумалі сваю банкаўскую картку для аўтобусаў… Маглі б ужо як у Мінску зрабіць, там рэальна зручна (безлімітны праязны на перыяд)», — напісаў адзін з каментатараў.
Новая сістэма аплаты праезду пачала працаваць у Гродне з канца студзеня 2026 года. Да гэтага ў аўтобусах і тралейбусах усталявалі валідатары. Пазней распрацавалі дызайн праязнога дакумента — транспартнай карткі. Нават абвясцілі конкурс на найлепшы дызайн.
Папоўніць новую транспартную картку можна пакуль толькі па двух адрасах: на вул. Перамогі, 16 (будынак ААТ «Аўтобусны парк г. Гродна») і на пр. Касманаўтаў, 66 (філіял «Гродзенскае тралейбуснае ўпраўленне» ААТ «Аўтобусны парк г. Гродна»).



