З 2026 года ў Беларусі вырастуць тарыфы на паслугі ЖКГ. Рэгулярныя платы дапамагаюць уладам планаваць мадэрнізацыю. У Гродне, напрыклад, трэба абнавіць да 35% водаправодных і каналізацыйных сетак, а ачышчальныя збудаванні і станцыі састарэлі, сведчыць даследаванне Альянсу “Зялёная Беларусь”. Як пазбегнуць праблем з ЖКГ, Hrodna.life растлумачыў эксперт Уладзімір Зуеў.
ЖКГ – гэта сетка, якой кіруюць на розных узроўнях, пачынаючы ад Міністэрства і заканчваючы гарадскімі і раённымі прадпрыемствамі. Таму праблемы ў адной сферы адбіваюцца на іншых – каб у кране была вада, павінны працаваць свідравіны і помпы.
Амаль уся сістэма ЖКГ энергазалежная. Калі знікае святло, спыніцца падача вады і цяпла.
Акрамя таго, сістэма залежыць ад фінансаў: калі людзі і прадпрыемствы не плацяць за паслугі, у ЖКГ няма грошай на рамонт і мадэрнізацыю. Скарачэнне дзяржаўнага фінансавання таксама вядзе да пагаршэння якасці паслуг.
Міжнародная сітуацыя таксама мае значэнне: санкцыі могуць абмежаваць доступ да абсталявання.
Тарыфы на ЖКГ вырастуць
З 2026 года вырастуць тарыфы на ЖКГ. Адпаведны ўказ аб новых тарыфах падпісаў Лукашэнка. Павышэнне будзе праходзіць у два этапы. У студзені на 19,37 руб. вырастуць тарыфы на ўсе паслугі акрамя ацяплення і гарачай вады. У чэрвені на 3,13 руб. падаражэе ацяпленне і гарачая вада. Сумарна камуналка для беларусаў вырасце на 22,5 руб.
Санкцыі, недахоп кадраў і крызісы: што адбіваецца на працы ЖКГ?
Альянс “Зялёная Беларусь” прааналізаваў унутраныя і знешнія рызыкі для беларускай сістэмы ЖКГ на прыкладзе трох гарадоў, у тым ліку Гродна.
Сярод унутраных эксперты выдзяляюць паломкі абсталявання, перабоі з электрычнасцю, недахоп кадраў, фінансавыя цяжкасці і збоі ў інфармацыйных сістэмах.
Знешнія рызыкі – экстрэмальныя маразы, эканамічныя крызісы, эпідэміі, геапалітычныя канфлікты, санкцыі і змены ў заканадаўстве.
У Гродне каля 34% водаправодных сістэм зношаны
У Гродне сектар ЖКГ развіты лепш, чым у сярэднім па краіне, зазначае Уладзімір Зуеў.
У 2024 годзе горад лідыраваў па замене цеплавых сетак – тады энергетыкі абнавілі каля 150 км, што склала каля 70% усіх труб у Гродне. Старыя трубы мянялі на перадізаляваныя, якія абсталяваны разумнай сістэмай аператыўна-дыстанцыйнага кантролю. Калі дзесьці на ўчастку намакае ізаляцыя, сістэма аўтаматычна перадае сігнал дыспетчару аб месцы няспраўнасці.
Але праблемы ўсё роўна ёсць: знос інфраструктуры, фінансавая залежнасць ад бюджэту і патрэба ў мадэрнізацыі.
У горадзе ёсць тры кропкі з цэнтралізаванай сістэмай водазабору, а таксама 105 артэзіянскіх свідравін. Працягласць водаправодных сетак – каля 1230 км, а іх знос складае каля 34%.
Калі не абнаўляць сістэмы, вырасце колькасць экстраных рамонтаў замест планавых работ.
Напрыклад, у сярэдзіне студзеня на мінскай цепламагістралі здарылася сур’ёзная аварыя – прарвала ўчастак трубаправода, з-за чаго тысячы жыхароў сталіцы ў маразы засталіся без ацяплення і гарачай вады.
Да рамонту ўчастка прыцягнулі больш за 170 супрацоўнікаў і спецтэхніку, працавалі ў тым ліку па начах.
Зрабіць тарыфы празрыстымі і матываваць супрацоўнікаў: як вырашыць праблемы ў ЖКГ?
Вырашаць праблемы з ЖКГ у Гродне трэба паступова. Замяніць трубы, абнавіць помпавыя станцыі і ачышчальныя збудаванні. Таксама ўкараніць новыя тэхналогіі водаачысткі, цеплаізаляцыі і аўтаматызацыі.
Каб перастаць залежаць ад дзяржбюджэту, неабходна прыцягваць прыватныя інвестыцыі. Павялічыць празрыстасць тарыфнай палітыкі для спажыўцоў і развіваць кадравы патэнцыял у сферы – павышаць зарплаты, навучаць і матываваць супрацоўнікаў.
Чытайце таксама: Гродна перавялі на LED-свяцільнікі для эканамічнай выгады. Як гэта паўплывае на здароўе людзей і прыроду?



