У Гродна прыйшло пацяпленне — каля 0 °C. А разам з ім — галалёд і ледзяны дождж: ападкі імгненна замярзаюць, ператвараючы тратуары і дарогі ў каток. У рэгіёне абвешчаны жоўты ўзровень небяспекі. Гродзенскія камунальнікі рассыпаюць рэагенты супраць галалёду і адзначаюць, што да такіх пагодных умоў рыхтаваліся загадзя. Аўтобусы спазняюцца, а лыжны комплекс у Каробчыцах часова прыпыніў працу. Рэдакцыя Hrodna.life сабрала ўсё, што вядома пра сітуацыю з надвор’ем.
Пацяпленне прынесла галалёд
Разам з пацяпленнем у горад прыйшлі галалёд і ледзяны дождж. Па гэтай прычыне ў рэгіёне абвясцілі жоўты ўзровень небяспекі. Паводле даных сэрвісу pogoda.by, ужо да канца тыдня ў Гродне чакаецца рэзкае пахаладанне. Тэмпература паветра можа апускацца да –16…–20 °C.
Камунальныя службы працуюць у посіленым рэжыме
З ночы ў горадзе працуюць камунальныя службы — вуліцы і тратуары апрацоўваюць супрацьгалалёднымі рэагентамі.
«Да галалёду мы рыхтаваліся загадзя. Гэтай ноччу задзейнічалі спецтэхніку — 32 адзінкі, вуліцы і тратуары пасыпаюць 150 тонамі пішчана-саляной сумесі. На барацьбу з непагаддзю выйшлі і нашы супрацоўнікі — 576 чалавек. Мы працягнем працу да ліквідацыі наступстваў ледзянога дажджу ў горадзе», — паведамілі ў Гродзенскай гарадской ЖКГ.
У прыярытэце — асноўныя гарадскія маршруты і цэнтральныя вуліцы, а таксама пад’езды да школ, дзіцячых садкоў, паліклінік і бальніц, паведамляе тэлеканал «Гродна Плюс».
Галалёд і траўмы
Паводле інфармацыі Міністэрства аховы здароўя, з пачатку зімовага сезона — з 26 лістапада 2025 года па 27 студзеня 2026 года — у Беларусі зарэгістравалі 7 845 пацярпелых ад галалёдных і халадовых траўмаў. З іх 1 496 — дзеці. Часцей за ўсё траўмуюцца з-за падзенняў падчас галалёду.
У Гродзенскай вобласці за гэты перыяд па медыцынскую дапамогу звярнуліся 724 чалавекі, з іх:
- халадовыя траўмы — у 79 чалавек;
- галалёдныя траўмы — у 645. Шпіталізавалі 177 чалавек.
Грамадскі транспарт затрымліваецца
Аўтобусны парк Гродна папярэджвае аб складанай дарожнай абстаноўцы. З-за надвор’я магчымыя затрымкі транспарту. 27 студзеня перабоі ў працы верагодныя на маршрутах: № 35, № 10, № 3, № 14 і № 5. Таксама з 9:51 магчымыя затрымкі ў руху тралейбуснага маршруту № 12. Актуальную інфармацыю аб руху транспарту можна адсочваць у Telegram-канале Аўтобуснага парка Гродна.
Лыжны комплекс у Каробчыцах часова зачынены
З-за надвор’я адміністрацыя лыжнага комплексу ў Каробчыцах вырашыла прыпыніць працу 27 і 28 студзеня. У гэтыя дні горкі не будуць функцыянаваць. Пакуль наведвальнікаў плануюць прымаць з чацвярга, 29 студзеня.
Парады ратавальнікаў: як пазбегнуць траўмаў пры галалёдзе
Падчас галалёду ратавальнікі рэкамендуюць:
- выбіраць абутак з неслізкай рэльефнай падашвай, адмовіцца ад высокіх абцасаў;
- уважліва глядзець пад ногі і па магчымасці абыходзіць небяспечныя ўчасткі;
- пры неабходнасці ісці па лёдзе дробнымі слізгальнымі крокамі, наступаючы на ўсю паверхню падашвы, крыху згінаючы ногі ў каленах і нахіляючы тулава наперад;
- пазбягаць нахіленых паверхняў, лесвіц і пандусаў;
- на праезнай частцы быць асабліва асцярожнымі, не спяшацца і не бегчы;
- пры страце раўнавагі пастарацца прысесці і згрупавацца, каб знізіць рызыку траўмаў;
- пасля падзення не ўставаць рэзка, ацаніць свой стан і пры патрэбе звярнуцца па дапамогу;
- трымаць рукі вольнымі, не насіць цяжкія сумкі і не трымаць рукі ў кішэнях.
Падзенні на спіну асабліва небяспечныя — пры траўмах абавязкова звярніцеся па медыцынскую дапамогу.



