Пабудаваны ў 2022 годзе плот у Белавежскай пушчы, які праходзіць па мяжы Польшчы і Беларусі, змяніў паводзіны жывёлаў. Гэта турбуе і мясцовых жыхароў, і спецыялістаў-эколагаў. «Зялёны партал» даследваў праблемы, які стварыў плот.
Плот змяняе мадэлі паводзінаў жывёл. Напрыклад, у польскія вёскі побач стаў рэгулярна прыходзіць зубр. З-за гэтага ўзнікае рызыка няшчасных выпадкаў. Напрыклад, некалькі месяцаў таму ў вёсцы Тэрэміска зубр напаў на турыста — той занадта блізка да яго падыйшоў, а таксама праігнараваў папераджальныя сігналы жывёлы.
Як будаванне плоту ў запаведнай зоне стала магчымым?
У кастрычніку 2021 года прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда падпісаў закон, які фактычна вызваліў праект памежнага бар’ера ад стандартных адміністрацыйных працэдур. Гэта дазволіла Польшчы абысці шэраг міжнародных абавязацельстваў, прынятых раней.
Паводле Дырэктывы ЕС аб ацэнцы ўздзеяння на навакольнае асяроддзе ад 16 красавіка 2014 года, такі праект патрабуе поўнай ацэнкі яшчэ да пачатку будаўніцтва.
За будаванне плоту адказваў буйны польскі падрадчык Budimex. Кампанія атрымала задачу ўзвесці 187-кіламетровы бар’ер. Завершаная ў чэрвені 2022 года, гэтая канструкцыя праходзіць непасрэдна праз землі еўрапейскай сеткі прыродаахоўных тэрыторый Natura 2000 і зоны строгай аховы. Яе кошт – больш за 350 мільёнаў еўра – уключаў будаўнічыя работы, сталёвыя элементы і электронную сістэму назірання.
У выніку рэгіянальная дырэкцыя аховы навакольнага асяроддзя не праводзіла ўласных экалагічных аўдытаў, ацэнак або аналізаў падчас будаўніцтва. Яна адзначыла, што функцыі нагляду былі сканцэнтраваныя ў руках урадавай рабочай групы па падрыхтоўцы і рэалізацыі мер бяспекі дзяржаўнай мяжы, у склад якой уваходзіў генеральны дырэктар па ахове навакольнага асяроддзя.

Чаму эколагі былі супраць будаўніцтва плоту?
Больш за 1800 навукоўцаў з розных краін падпісалі ліст, у якім выказаліся супраць будаўніцтва агароджы. Часткова бар’ер прайшоў праз Белавежскую пушчу, якая займае больш за 140 тыс. гектараў зямлі і уваходзіць у спіс Сусветнай спадчыны ЮНЭСКА.
Больш за тое, яшчэ напрыканцы 1980-х на беларускім баку мяжы пабудавалі двухметровую агарожду, якая атрымала назву «Сістэма». Канструкцыя абмяжоўвала перамяшчэнне буйных жывёл у межах пушчы — зуброў, аленяў і ласёў.
«Некаторым відам і раней было цяжка перасякаць мяжу», – сказаў беларускі навуковец, які папрасіў не называць яго імя з меркаванняў бяспекі. «Але цяпер сітуацыя стала значна горшай. Яшчэ ў 2017 годзе мы абмяркоўвалі магчымасць зняцця беларускай агароджы. Сёння гэтай надзеі ўжо няма – гэта больш не рэалістычна».
Эксперты адзначаюць, што, напрыклад, ваўкі раней свабодна пераплывалі раку – пакуль гэты шлях не перакрылі дадатковым калючым дротам, так званай «спіраллю Бруна». Гэты спіральны лязовы дрот цяпер таксама праходзіць уздоўж некаторых участкаў пяціметровай польскай агароджы — на думку экспертаў, гэта адна з асноўных прычын гібелі дзікіх жывёлаў падчас будаўніцтва польскага плоту.
Навукоўцы з польскага Інстытута вывучэння млекакормячых называюць гэтую спіраль Бруна адной з асноўных прычын гібелі дзікіх жывёл падчас будаўніцтва польскага бар’ера. Жывёлы, якія спрабавалі перасекчы дрот, часта атрымлівалі глыбокія парэзы, што аказваліся смяротнымі.
Што сталася з пушчай пасля будаўніцтва плоту?
Калі плот ужо пабудавалі, адкрыліся наступствы ўмяшання чалавека ў экасістэму пушчы. На польскім баку груды грунту цягнуліся ўздоўж Броўскай дарогі, каля Старога Масева паміж дрэвамі стаяў закінуты кантэйнер.
У некаторых месцах побач з бар’ерам знаходзяцца так званыя зубы Дракона – шэраг стацыянарных пірамідальных бетонных блокаў, усталяваных у некалькі шэрагаў, каб замінаць праезду транспарта. Кожны з іх важыць каля трох тон, і для іх перавозкі і мантажу неабходна выкарыстоўваць цяжкую тэхніку.
Даследчыкі з Геабатанічнай станцыі пры Варшаўскім універсітэце адсочвалі экалагічнае ўздзеянне з лютага па лістапад 2022 года. На Броўскай дарозе, якую яны наведалі 26 разоў, яны зафіксавалі рэптылій, амфібій і птушак, раздушаных будаўнічай тэхнікай, – віды, якія ахоўваюцца польскім заканадаўствам. Большасць трупаў хутка знікала, бо іх з’ядалі лісы, куніцы, ваўкі ці янотападобныя сабакі, а гэта значыць, што рэальная смяротнасць магла быць значна вышэйшай.
Цяжкая тэхніка парушыла шляхі перамяшчэння жывёл; шум заганяў дзікую фаўну глыбей у лес. Тым часам абяцаныя пераходы для жывёл – 24 вялікія праходы для зуброў, ваўкоў, аленяў і рысяў – застаюцца зачыненымі нягледзячы на завярэнні Budimex, што бар’ер не будзе перашкаджаць жывёлам на агульнаеўрапейскім міграцыйным шляху.
Лязовы дрот, нацягнуты папярок рачных далінаў, стварае дадатковыя небяспекі для жывёл, якія мігруюць. Шмат што з гэтага ніколі не ўбачаць людзі, якія не знаходзяцца на мяжы фізічна. Але змены ў ландшафце на памежнай лініі, а таксама будаўнічая і вайсковая тэхніка бачны са спадарожніка.

Як крызіс на беларуска-польскай мяжы адбіўся на экасістэме пушчы?
«Мы бачым рост колькасці транспартных сродкаў, людзей, вайсковых падраздзяленняў, памежнікаў і гэтак далей, – кажа прафесар Рафал Кавальчык, — І мы бачым, як гэта ўплывае на размеркаванне млекакормячых, на іх актыўнасць, і ўвогуле вельмі папярэднія вынікі кажуць пра тое, што зубры, ваўкі і высакародныя алені сустракаюцца бліжэй да мяжы радзей у параўнанні з зонамі, больш аддаленымі ад агароджы.
На падставе зімовага трэкiнгу, праведзенага ў 2024 годзе, даследчыкі вызначылі, што некаторыя дробныя млекакормячыя і драпежнікі сярэдняга памеру здольныя пераадольваць дадатковыя перашкоды, і што некаторыя драпежнікі прывабліваюцца да памежнай зоны лёгкадаступнымі крыніцамі ежы на вайсковых пастах, дзе былі харчовыя адкіды і пустая тара.
Гэта, у сваю чаргу, уплывае на ўзаемасувязі паміж людзьмі, дзікімі жывёламі і хатнімі жывёламі. Салдаты паведамлялі навукоўцам пра «візіты» ліс, куніц, хатніх катоў і іншых відаў – як зімой 2024 года, так і зноў у студзені 2025-га.
Даследчыкі таксама зрабілі аналіз гукавога ландшафту: адзін тыдзень бесперапынных запісаў на шырокай тэрыторыі ўзімку 2024 года і доўгатэрміновыя запісы на працягу больш за восем месяцаў у строгім рэжымным рэзерве нацыянальнага парку. Высветлілася, што некаторыя антрапагенныя гукі (напрыклад, верталёты, стрэлы) пранікаюць глыбока ў лес.
Што чакае пушчу?
Цяперашняя палітычная сітуацыя робіць дэмантаж памежнай агароджы нерэалістычным. Але навукоўцы кажуць, што доўгатэрміновая мэта ў Плане развіцця павінна быць яснай: прыбраць агароджы, калі ўмовы дазволяць гэта зрабіць, – або як мінімум радыкальна знізіць шкоду, якую яны наносяць экасістэмам.
Даследчыкі з Інстытута вывучэння млекакормячых папярэджваюць: адно толькі адкрыццё брамаў польскай агароджы не вырашыць ключавую праблему. Пакуль беларускі бар’ер застаецца закрытым, некаторыя жывёлы ўсё адно будуць «зачыненыя» ў асобных папуляцыях.
Любое рэальнае паляпшэнне міграцыі запатрабуе, каб абодва бакі адначасова зрабілі мяжу больш пранікальнай. І якія б меры па змяншэнні шкоды ні прымаліся, ім патрэбны шчыльны, пастаянны маніторынг – каб службоўцы бачылі, што працуе, што не, і хутка карэктавалі падыход.
Чытайце таксама: Тры Белавежскія пушчы. Як агароджы на мяжы змяняюць лес і жывёльны свет у Беларусі, Польшчы і паміж платамі



