У 2025 годзе рэзідэнты СЭЗ «Гроднаінвест» прыцягнулі $119 млн замежных інвестыцый для рэалізацыі сваіх праектаў, што на 37% больш, чым у 2024 годзе, паведамілі ў прэс-службе свабоднай эканамічнай зоны. Пры гэтым узровень інвестыцый пакуль не дасягнуў паказчыкаў, якія адзначаліся ў папярэднія гады.

У СЭЗ таксама распавялі, што больш за 40% агульнай сумы сфарміравана за кошт прамых замежных інвестыцый.

Прамыя інвестыцыі — гэта калі кампаніі ўкладваюць грошы ў завод ці бізнес, каб дапамагаць ім працаваць і развівацца, а не проста пазычаць.
Непрамыя замежныя інвестыцыі — гэта калі грошы з іншых краін прыходзяць у бізнес не наўпрост, а праз банкі, фонды ці іншыя кампаніі, напрыклад, як крэдыт ці купля акцый. Гэта значыць, гэтыя грошы дапамагаюць бізнесу працаваць, але інвестары не кіруюць імі самі.

Мяркуючы па прэс-рэлізе, у 2025 годзе з усіх $119 млн, якія прыйшлі ў СЭЗ «Гроднаінвест», як мінімум $48 млн былі прамымі ўкладаннямі.

Пры гэтым у 2024 годзе, нягледзячы на тое, што агульная сума інвестыцыйных праектаў была меншай — рэзідэнты прыцягнулі $86,4 млн, — прамыя інвестыцыі склалі $77,1 млн, што больш, чым у 2025 годзе.

А што па інвестыцыях у папярэднія гады?

У 2018 годзе агульны аб’ём заяўленых інвестыцый рэзідэнтаў СЭЗ «Гроднаінвест» быў 300 млн еўра — столькі планавалася інвеставаць у СЭЗ. Тады ў ёй зарэгістравалася 15 новых рэзідэнтаў. Ці ўдалося такую суму ў выніку прыцягнуць — не ўдакладнялася, але вядома, што ў першым квартале 2018 года інвестыцыі склалі каля $70 млн, амаль палова якіх паступіла з замежных крыніц, уключаючы крэдыты замежных банкаў.

У 2019 годзе рэзідэнты прыцягнулі больш за $223 млн замежных інвестыцый з 19 краін. Асноўны паток быў накіраваны на пашырэнне вытворчасцей, мадэрнізацыю абсталявання і інавацыйныя праекты, што суправаджалася ростам экспарту і колькасці супрацоўнікаў.

У 2020 годзе агульны аб’ём замежных інвестыцый дасягнуў $322 млн, пры гэтым прамыя замежныя інвестыцыі на чыстай аснове склалі $74,4 млн.

За першыя паўгода 2021 года сума інвестыцый склала прыкладна $60,4 млн.

Рэзідэнты СЭЗ «Гроднаінвест» за той жа перыяд 2022 года прыцягнулі замежных інвестыцый на суму $151 млн.

У 2023 годзе ў якасці рэзідэнтаў СЭЗ «Гроднаінвест» зарэгістравана 6 новых кампаній у сферы лагістыкі, машынабудавання і металаапрацоўкі, а таксама вытворчасці будаўнічых матэрыялаў. Агульны аб’ём заяўленых інвестыцый на рэалізацыю праектаў склаў звыш $50 млн.

СЭЗ «Гроднаінвест» за апошнія гады змяніла «геаграфічны» вектар

У 2018 годзе асноўная частка сродкаў паступала з Нідэрландаў, і інвестары пераважна былі арыентаваныя на інавацыйныя і тэхналагічныя праекты. Да 2019–2020 гадоў інвестыцыі прыходзілі з 19–20 краін, уключаючы Еўропу, Расію, ААЭ і міжнародныя арганізацыі.

У 2022 годзе больш за 95% інвестыцый паступіла з Нідэрландаў, Кіпра, Аўстрыі, Вялікабрытаніі і Польшчы.

Аднак у 2024 годзе адбылося, мяркуючы па адкрытых крыніцах, зрушэнне вектара: больш за 77% замежных інвестыцый прыйшло з Расіі, таксама з Польшчы і ААЭ.

У 2025 годзе геаграфія інвестараў зноў стала больш разнастайнай: інвестыцыі паступалі з Расіі, ААЭ, Вялікабрытаніі, краін ЕС і ЕАЭС (апошнія не ўдакладняюцца).

У Беларусі функцыянуюць шэсць свабодных эканамічных зон: СЭЗ «Мінск», СЭЗ «Гомель-Ратон», СЭЗ «Гроднаінвест», СЭЗ «Брэст», СЭЗ «Магілёў» і СЭЗ «Віцебск». Сярод рэзідэнтаў СЭЗ пераважаюць прадпрыемствы апрацоўчай прамысловасці, гандлю, транспартнай сферы, сельскай, лясной і рыбнай гаспадаркі, а таксама кампаніі, якія займаюцца аперацыямі з нерухомасцю.

СЭЗ «Гроднаінвест» створана ў 2002 годзе. Яе рэзідэнтамі з’яўляюцца больш за 80 кампаній.

Ахвяруй 1,5% ад падаткаў у Польшчы