Пры атрыманні буйнога хабару затрыманы 45-гадовы намеснік дырэктара аднаго з буйных прадпрыемстваў аграпрамысловага комплексу Гродзенскай вобласці. Затрыманне праводзілі праваахоўнікі пры сілавой падтрымцы байцоў спецпадраздзялення «Алмаз».
Паводле дадзеных міліцыі, намеснік дырэктара аграпрамысловага комплексу паспрыяў адгрузцы прадукцыі прадпрыемства для продажу ў суседняй краіне. За гэта яму перадалі $58 тыс. Пра які менавіта агракомплекс ідзе гаворка — не ўдакладняецца.
«Перад атрыманнем хабару фігурант выкарыстоўваў выдасканаленыя метады канспірацыі, аднак яны не дапамаглі», — паведамляе міліцыя.
Таксама высветлілася, што за апошні год ён такім чынам атрымаў больш за $100 тыс. У дачыненні да затрыманага распачалі крымінальную справу за атрыманне хабару ў асабліва буйным памеры. Топ-менеджару сельгаспрадпрыемства пагражае да 15 гадоў калоніі.
Расследаванне працягваецца, устанаўліваюцца ўсе абставіны і магчымыя саўдзельнікі.

Сельская гаспадарка — самая карумпаваная галіна прамысловасці ў Беларусі
Больш за ўсё карупцыйных злачынстваў у Беларусі зафіксавана ў сельскай гаспадарцы — каля 20 %. У аграрных арганізацыях часцей за ўсё выяўляюць службовыя крадзяжы. У прамысловасці (16 %) пераважае хабарніцтва. Далей ідуць гандаль і будаўніцтва (па 10 %), транспарт — 7 %.
У цэлым да адказнасці за карупцыйныя злачынствы штогод прыцягваюць каля 850 службовых асоб. Больш за палову з іх — кіраўнікі. Часцей за ўсё судзяць за хабарніцтва і злоўжыванне службовымі паўнамоцтвамі. Асноўная сфера атрымання хабараў — закупкі і выкананне дагавораў.
Паводле даных часопіса «Законнасць і парадак» № 4 за 2025 год, у 2020–2024 гадах зарэгістравана каля 1,2 тысячы карупцыйных злачынстваў. Гэта менш, чым у папярэднія гады, але іх здзяйсняе больш людзей.



