У снежні 2025 колькасць пакінутых рэзюмэ да вакансій дасягнула гадавога піка. Гэта значыць, што попыт перавысіў прапанову ў некалькі разоў. Дэфіцыт працоўных месцаў адчуваюць і ў Гродне — у сацсетках гараджане пішуць, што не могуць знайсці працу. Рынак працы ў Беларусі прааналізаваў Onliner.
“А што ў Гродне з працай?”
У Threads гродзенка пад нікам prrobation апублікавала пост з пошукам працы. Дзяўчыне 19 гадоў, яна вучыцца на мэнэджэра па кіраванні інфармацыйнымі рэсурсамі ў Мінску, досведу працы ў яе няма. «Але, мяркуючы па работа.бай, гэта [праца па спецыяльнасці] не актуальна», — піша prrobation.
Іншая карыстальніца пад нікам angelina_chernyak вывучыла аб’явы на рэсурсе і прыйшла да высновы, што ў Гродне знайсці працу ў сферы SMM — складана. «А што ў Гродне з працай?» — цікавіцца angelina_chernyak.
Беларуска vitaliya.litvin думала звальняцца з працы. «Перагарэла. Паглядзела вакансіі на работа.бай і зп, якую прапануюць. Перадумала. Прыйшлося загарэцца зноў», — напісала дзяўчына.
Рэзюмэ становіцца больш
Паводле статыстыкі сэрвісу Rabota.by, у пачатку 2025 года аналітыкі фіксавалі дэфіцыт кадраў у некаторых сферах. Але ўжо да канца года колькасць рэзюмэ вырасла на 67, 4%, а вакансій стала менш.

Канкурэнцыя расце
З пачатку студзеня 2025 года расла і канкурэнцыя за працоўныя месцы. Праўда, яе паказчыкі адрозніваліся ў залежнасці ад галін — у сферах «Маркетынг, рэклама і PR» і «Інфармацыйныя тэхналогіі» на адну вакансію прыходзілася ад 16 да 22 рэзюмэ.
Да канца мінулага года сітуацыя змянілася — у рознічным гандлі індэкс павялічыўся з 4, 6 рэзюмэ на вакансію ў студзені да 5, 6 у снежні. У вытворчасці — з 6,1 да 7,1, у турызме — з 5,5 да 8,3.
У “Маркетынг, рэклама, PR”, “Інфармацыйныя тэхналогіі” і “Адміністрацыйны персанал” на адну вакансію прыходзілася ад 20,2 да 34,3 рэзюмэ.

Заробак павялічваецца, але не ва ўсіх сферах
Сярэдні заробак, які прапаноўвалі ў вакансіях, таксама рос. Да канца 2025 года ён пявялічыўся на 19,5% у параўнанні са студзенем. Медыяны заробак — гэта сярэдзіннае значэнне: 50% кампаній прапануюць менш гэтай сумы, а 50% — больш.
Пры гэтым у рознічным гандлі, а таксама ў сферах “Турызм, гасцініцы, рэстараны” і “Адміністрацыйны персанал” медыяныя заробкі, нягледзячы на рост, па-ранейшаму застаюцца ніжэй, чым у большасці іншых абласцей.

За паўгода вакансій у вобласці стала менш
У жніўні 2024 года на рынку працы Гродзенскай вобласці было 19 925 вакансій, да ліпеня 2025 года рост свабодных працоўных месцаў склаў амаль 18% – прапаноўвалася 23 517 працоўных месцаў.
Паводле сайта занятасці, у студзені 2026 вакансій стала менш – зараз іх 20 659.
Чытайце таксама: У вобласці павялічылася колькасць працуючых людзей – у тым ліку за кошт іншаземцаў



