У ноч з 19 на 20 студзеня жыхары практычна ўсёй тэрыторыі Беларусі сталі сведкамі рэдкай для нашых шырот прыроднай з’явы — палярнага ззяння. Яго назіралі і над Гроднам. Незвычайнае свячэнне неба выклікала магутная магнітная бура, якая працягваецца дагэтуль. Паглядзіце, якое прыгожае неба было ў гэтую ноч над Гродзеншчынай.
Чаму над Гроднам можна было ўбачыць палярнае ззянне?
Спецыялісты Лабараторыі сонечнай астраноміі Расійскай акадэміі навук паведамляюць, што ў ноч на 20 студзеня над Еўропай назіралі адны з самых магутных палярных ззянняў за апошнія дзесяцігоддзі.

Ззянне апусцілася незвычайна далёка на поўдзень — прыкладна да 40-й шыраты, таму яго змаглі ўбачыць і ў Беларусі. Прычынай стала магутная ўспышка на Сонцы — першая ў 2026 годзе ўспышка самага высокага класа X.

Зараз першая фаза магнітнай буры падыходзіць да канца. Навукоўцы папярэджваюць, што ў найбліжэйшыя гадзіны магчымы другі моцны ўсплёск магнітнай актыўнасці. Павышаная геамагнітная актыўнасць захаваецца і ў ноч на сераду. Таксама не выключана паўторнае з’яўленне палярнага ззяння над Беларуссю, але ўжо менш яркага.

Як узнікае палярнае ззянне?
Палярнае ззянне ўзнікае ў выніку ўзаемадзеяння сонечнага ветру з магнітным полем Зямлі. Зараджаныя часціцы, выкінутыя Сонцам, дасягаюць нашай планеты за 30–50 гадзін і, рухаючыся да палюсоў, сутыкаюцца ў верхніх пластах атмасферы з атамамі кіслароду і азоту, прымушаючы іх свяціцца. Менавіта гэтым тлумачыцца разнастайнасць колераў — ад зялёнага і чырвонага да сіняга і фіялетавага.




