За апошнія два гады колькасць спраў у судзе Кастрычніцкага раёна Гродна па арт. 19.11 КаАП знізілася амаль у чатыры разы. «Гродзенская праўда» апублікавала статыстыку, звязаную з распаўсюджваннем экстрэмізму ў Гродне. А суддзя склала партрэт “парушальніка”.

За два гады колькасць разгледжаных судом спраў па адміністрацыйным артыкуле знізілася з 332 да 87. Тым не менш, суддзі хочуць узмацніць кантроль – плануюць часцей праводзіць выязныя судовыя пасяджэнні і выносіць рашэнні па месцы працы беларусаў.

У судзе Кастрычніцкага раёна Гродна склалі сацыяльны партрэт гродзенцаў, якіх найчасцей судзяць па 19.11 КаАП. Гэта мужчыны ад 30 да 49 гадоў з сярэдне-спецыяльнай або вышэйшай адукацыяй. Яны працуюць, раней маглі прыцягвацца па дробным правапарушэнням накшталт ПДР. У судзе віну не аспрэчваюць, спасылаюцца на неабдуманасць.

“Калі калегі бачаць рэальныя наступствы “неабдуманага кліку” – гэта працуе лепш за любыя лекцыі”, – лічыць суддзя суда Кастрычніцкага раёна Гродна Алена Тоўсцік-Самойла.

Па тэме: Як Алена Тоўсцік-Самойла судзіла гродзенку за БЧБ-штору

Для фізічных асоб артыкул 19.11 КаАП прадугледжвае штраф да 30 базавых велічыняў (1350 руб.), таксама могуць канфіскаваць прыладу, праз якую распаўсюджвалі экстрэмісцкую прадукцыю.