У Доме быту на Замкавай не будзе надбудаванага паверха і псеўдагістарычных элементаў. У новым праекце рэканструкцыі будынак выглядае лаканічна і амаль не зменіць існуючы знешні выгляд. Візуалізацыі з’явіліся на сайце Гродзенскага гарвыканкама разам з датамі чарговых грамадскіх абмеркаванняў. Яны працягнуцца да 14 лютага 2026 года.

Гісторыя з рэканструкцыяй Дома быту і абмеркаваннем праекта цягнецца ўжо некалькі месяцаў. Будынак выкупіў гродзенскі бізнесмен Станіслаў Сямашка. Ён паказаў свой праект змен дома, які выклікаў крытыку як гродзенцаў, так і гарадскіх архітэктараў.

Што змянілася ў праекце рэканструкцыі Дома быту?

У першай справаздачы аб ацэнцы ўздзеяння на навакольнае асяроддзе (АУНА) ад 24 кастрычніка 2025 года было пазначана, што ў абноўленым будынку Дома быту будзе шэсць паверхаў.

У новай справаздачы ад 9 студзеня 2026 года гаворка ідзе ўжо пра будынак з пяццю паверхамі. Змяніўся і знешні выгляд будынка.

Сямашка прыслухаўся да гродзенцаў і архітэктараў? З’явілася новая канцэпцыя рэканструкцыі Дома быту
Новы выгляд Дома быту. Фота: скін з АУНА

У першым варыянце шосты паверх быў надбудаваным і меў некалькі арачных вокнаў. Таксама такія вокны павінны былі з’явіцца па баках будынка, а пасярэдзіне фасада — арачныя канструкцыі. Усе фасады былі выкананы «пад старыну».

У новым праекце захавалі элементы будынка ў стылі савецкага мадэрнізму. Усе дадатковыя элементы дэкору і арачныя вокны зніклі. Таксама змяніўся колер будынка. Калі ў першым варыянце гэта былі светла-бежавыя адценні, то цяпер — шэра-карычневыя.

Што не змянілася

Прызначэнне будынка засталося ранейшым — пад адміністрацыйныя памяшканні: офісы, кабінеты і каворкінгі. У межах дабраўпарадкавання прадугледжваецца азеляненне тэрыторый і ўстаноўка малых архітэктурных формаў. У абодвух варыянтах у праекце ў сувязі са сціснутымі ўмовамі будаваць паркоўкі не будуць.

Што хацеў зрабіць з Домам быту бізнесмен Сямашка

У лістападзе 2025 года Сямашка распавёў пра планы рэканструкцыі будынка ў гістарычным цэнтры горада. Ён быў упэўнены, што праект «спадабаецца ўсім», і абяцаў, што зробіць усё «пад ключ» за восем месяцаў. Планавалася, што на першым паверсе былога Дома быту размесцяцца кавярні, кветкавая крама і іншыя аб’екты сэрвісу.

Другі паверх зоймуць офісныя памяшканні і інтэрнэт-клубы. На верхніх узроўнях з’явяцца апартаменты для доўгатэрміновай арэнды або куплі з поўным наборам выгод для камфортнага пражывання. Таксама ён паабяцаў выконваць усе будаўнічыя нормы і аснасціць будынак сучаснымі камунікацыямі, уключаючы хуткасны інтэрнэт.

Сямашка прыслухаўся да гродзенцаў і архітэктараў? З’явілася новая канцэпцыя рэканструкцыі Дома быту
Першы варыянт рэканструкцыі Дома быту. Фота: скрін з АУНА

Крытыка «праекта Сямашкі»

Многія гродзенцы раскрытыкавалі праект рэканструкцыі будынка ў цэнтры горада. Пад відэа з інтэрв’ю Сямашкі аб планах рэканструкцыі Дома быту разгортваліся актыўныя дыскусіі.

Некаторыя гродзенцы лічылі праект псеўдагістарычным і неадпаведным гістарычнаму цэнтру горада. Некаторыя адзначалі, што было б лепш абнавіць існуючы шкляны варыянт будынка, а гістарычным дамам, якія сапраўды патрабуюць аднаўлення, вярнуць іх першапачатковы выгляд.

Іншыя называлі праект «агра-трэшам» у стылі Сямашкі і выказвалі сумнеў, што яго рэалізацыя палепшыць сітуацыю. Пры гэтым частка карыстальнікаў указвала, што маладому аўтару не зашкодзіла б дапамога вопытных архітэктараў.

Некаторыя адзначалі, што ўмяшанне ў архітэктурную прастору гістарычнага цэнтра горада выглядае сумнеўна, аднак іншыя лічылі, што на рашэнне ўплываюць фінансавыя інтарэсы.

Сямашка прыслухаўся да гродзенцаў і архітэктараў? З’явілася новая канцэпцыя рэканструкцыі Дома быту
Сямашка прадстаўляе праект Дома быту. Фота: скрыншот з відэа

Крытыка горадабудаўнічага савета

20 лістапада мінулага года архітэктурна-горадабудаўнічы савет гарвыканкама адхіліў канцэпцыю рэканструкцыі, прадстаўленую Станіславам Сямашкам. Савет не ўхваліў псеўдагістарычнае рашэнне і адзначыў шэраг недахопаў.

Аргументы савета:

  • Адсутнасць навуковага абгрунтавання «рамантычнага» стылю.
  • Ігнараванне папярэдніх патрабаванняў савета.
  • Адсутнасць генплана з дабраўпарадкаваннем, фасадамі і вулічнымі панарамамі.
  • Неабгрунтаванае павелічэнне вышыні будынка.

Сямашка хацеў перарабіць шосты тэхнічны паверх у паўнавартасны, што парушыла б сувымернасць з суседняй гістарычнай забудовай, асабліва з жаночым манастыром Нараджэння Багародзіцы.

Канцэпцыю рэканструкцыі прапанавалі адаптаваць да гістарычнага кантэксту.

Савет падкрэсліў, што Дом быту знаходзіцца ў гістарычным цэнтры Гродна і з’яўляецца прыкладам савецкага мадэрнізму. Любое цытаванне мінулых стыляў павінна быць пацверджана навуковымі даследаваннямі.

Савет рэкамендаваў захаваць аўтэнтычны аб’ём будынка, выкарыстоўваць сучасныя фасадныя рашэнні, якія не будуць дамінаваць, а таксама тактоўныя адсылкі да гродзенскіх архітэктурных асаблівасцей, напрыклад «цаглянага стылю».

Дапрацаваную канцэпцыю Сямашка павінен быў прадставіць на паўторны разгляд.

Дом быта в Гродно продают
Дом быту. Фота: Гарадскі цэнтр нерухомасці

Як ішлі і перарываліся абмеркаванні па праекце Дома быту

Першыя грамадскія абмеркаванні павінны былі прайсці з 8 лістапада па 8 снежня 2025 года. Пасля крытыкі праекта Сямашкі, якую выказалі гараджане і горадабудаўнічы савет, гарвыканкам спыніў працэдуру — гэта адбылося 21 лістапада.

На 18 снежня быў запланаваны сход грамадзян, але напярэдадні Сямашка накіраваў ліст у гарвыканкам. У выніку сход адмянілі.

Пазней абмеркаванне аднавілі. Згодна з сайтам гарвыканкама, яно праходзіла з 15 па 31 снежня.

У канцы снежня на сайце Гродзенскага гарвыканкама з’явіўся новы графік правядзення АУНА (ацэнкі ўздзеяння на навакольнае асяроддзе) па рэканструкцыі Дома быту на Замкавай. Абмяркоўваць АУНА будуць да 14 лютага 2026 года.


Што могуць зрабіць гродзенцы?

Грамадскія абмеркаванні АУНА — гэта не абмеркаванне архітэктурнага праекта, а яго ўздзеяння на навакольнае асяроддзе. Жыхары Гродна могуць азнаёміцца са справаздачай аб ацэнцы ўздзеяння на навакольнае асяроддзе (АУНА) і ўнесці свае прапановы.

Дзе можна азнаёміцца з дакументамі:

  1. На афіцыйным сайце Гродзенскага гарвыканкама Раздзел: «Гарадская гаспадарка» → «Грамадскія абмеркаванні» Кантактная асоба: начальнік упраўлення будаўніцтва, архітэктуры і горадабудаўніцтва Конан Дзяніс Раманавіч
    Тэл.: (80152) 62-69-93, Факс: (80152) 62-69-95
    E-mail: [email protected]
    Сайт: www.grodno.gov.by
  2. У ТАА «ЕўраПрэстыж» Адрас: 230003, вул. Антонава, 10, Гродна Кантактная асоба: галоўны інжынер Клімовіч П.І.
    Тэл.: +375 (152) 75-40-34
    E-mail: [email protected]
  3. У ТАА «ЭталонПраект» Адрас: 230003, 3-і завулак Куйбышава, 2, Гродна Кантактная асоба: галоўны інжынер праекта Шыкуць П.В.
    Тэл./Факс: 8 (0152) 60-86-01
    E-mail: [email protected]

Куды накіроўваць заўвагі і прапановы:

  1. Гродзенскі гарадскі выканаўчы камітэт Адрас: пл. Леніна, 2/1, 230023, Гродна Кантактная асоба: начальнік упраўлення будаўніцтва, архітэктуры і горадабудаўніцтва Конан Дзяніс Раманавіч
    Тэл.: (80152) 62-69-93, Факс: (80152) 62-69-95 E-mail: [email protected], [email protected]
  2. ТАА «ЕўраПрэстыж» Адрас: 230003, вул. Антонава, 10, Гродна Кантактная асоба: галоўны інжынер Клімовіч П.І. Тэл.: +375 (152) 75-40-34 E-mail: [email protected]

Як падаць заяву аб правядзенні грамадскіх слуханняў

Таксама можна падаць заяву аб неабходнасці правядзення грамадскіх слуханняў у Гродзенскі гарадскі выканаўчы камітэт:

  • Адрас: пл. Леніна, 2/1, 230023, Гродна
  • Тэл.: (80152) 62-64-66
  • E-mail: [email protected]
  • Сайт: www.grodno.gov.by

Тэрмін падачы — на працягу 10 рабочых дзён з даты пачатку грамадскіх абмеркаванняў. Кантактная асоба: начальнік упраўлення будаўніцтва, архітэктуры і горадабудаўніцтва Конан Дзяніс Раманавіч.