Першы сакратар Гродзенскай абласной арганізацыі БРСМ Пётр Касіцкі ў інтэрв’ю тэлеканалу «Гродна Плюс» распавёў пра працу арганізацыі і запэўніў, што моладзь сама прыходзіць са сваімі ініцыятывамі да іх, а адзінкавыя выпадкі «загонаў» назваў «фактарам дурня».
— Пра загоны ў БРСМ, ну, скажам, нашы апаненты часта імкнуцца неяк нас укалоць гэтым момантам. Але гэта адзінкавыя выпадкі. Гэта фактар дурня, я б гэта назваў. Хто гоніцца за паказчыкамі — губляе пытанне якасці, — сказаў ён. Пры гэтым ён не ўдакладніў, пра якіх менавіта апанентаў ідзе гаворка, і не распавёў пра гэтыя адзінкавыя выпадкі.
«Моладзевых арганізацый у Беларусі шмат»
Ён таксама адзначыў, што БРСМ працуе з рознай моладдзю: школьнікамі, навучэнцамі і працоўнымі.
— Недзе нейкая катэгорыя сапраўды больш актыўная. Усе ў меру сваіх магчымасцей актыўна ўдзельнічаюць у жыцці Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі. Гэта відаць і па турыстычных злётах для працоўнай моладзі, і па нейкіх разавых валанцёрскіх акцыях. Моладзь уключаецца, моладзь актыўная, недзе іх ініцыятыву мы таксама чуем. Скажам, ёсць праекты, сапраўды, якія «залятаюць», як той казаў, і моладзь — не тое каб мы іх не прымушаем — яны самі актыўна бяруць удзел, недзе прыходзяць са сваёй ініцыятывай, — распавёў ён.
Таксама Касіцкі ўпэўнены, што ў Беларусі шмат моладзевых грамадскіх аб’яднанняў, але «Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі проста знаходзіцца на слыху, таму да яго прыкавана павышаная ўвага і, адпаведна, больш высокі попыт».

Хочуць развіваць IT-напрамак
Таксама Пётр Касіцкі распавёў пра будаўнічыя атрады. Плануе развіваць IT-напрамак.
— Магчыма, у будучыні з’явяцца і IT-атрады. Пакуль гэта толькі ў распрацоўцы, такі прадукт патрабуе часу. Але калі ўспомніць, калісьці мы гэтак жа толькі казалі пра інфармацыйныя і медыцынскія атрады, а сёння гэта ўжо паўнавартасныя напрамкі, якія працуюць. Я ўпэўнены, што ў перспектыве гэты рух будзе толькі пашырацца. Гэта запатрабаваны, трэндавы напрамак, ад якога мы не адмаўляемся, — сказаў Пётр Касіцкі.
Ці ідзе распрацоўка дадзенага напрамку, ці гэта пакуль толькі ідэя, ён не ўдакладніў.
Зараз у арганізацыі існуюць будаўнічыя, сельскагаспадарчыя і медыя-студэнцкія атрады. Апошні з’явіўся на базе дзяржканала.
Ён адзначыў, што самыя высокааплатныя студатрады цяпер — гэта будаўнічыя. Але, паводле яго слоў, заробкі ў студэнцкіх атрадах — гэта не самае галоўнае, а важна прывучаць моладзь да працы, да дысцыпліны, да працы ў калектыве. Таксама ён паскардзіўся на маладых людзей — маўляў, хочуць адразу жыллё ў горадзе, а ім прапануюць арэндныя кватэры ў раёнах. Ён назваў гэта «ўтрыманскімі настроямі».
БРСМ — праўладная арганізацыя, якая фінансуецца з дзяржаўнага бюджэту. Аляксандр Лукашэнка адносіць БРСМ да інстытутаў грамадзянскай супольнасці.
Арганізацыя была створана ў 2002 годзе шляхам аб’яднання «Беларускага саюза моладзі» і «Беларускага патрыятычнага саюза моладзі». БРСМ лічыць сябе правапераемнікам савецкага камсамола і актыўна падтрымлівае палітыку дзеючай улады.
Па стане на красавік 2024 года ў склад арганізацыі ўваходзіла больш за 400 тысяч чалавек.
Пры гэтым многія беларусы заяўлялі пра прымусовае ці схаванае залічэнне ў БРСМ. Генеральная пракуратура выяўляла ў 2018 годзе ў БРСМ факты прыпісак у студэнцкіх працоўных атрадах. У верасні 2020 года на фоне пратэстаў паведамлялася пра масавы выхад студэнтаў ВНУ з БРСМ. У тым ліку такія факты былі і ў Гродне.



