Наведвальнікам Бердаўскага цэнтра культуры пакажуць вясельныя прадметы перыяду 1950—1980-х гадоў, піша «Гродзенская праўда». Экспазіцыю сабралі супрацоўнікі Бердаўскага цэнтра Аляксандр і Інэса Парфенчыкі.

Надзіманыя лебедзі і вялізныя пярсцёнкі: як выглядае экспазіцыя?

Экспазіцыю назвалі “Пачатак сямейнага жыцця – вяселле”. Яна прадстаўлена вясельным сталом, на ім – селядзец пад шубай, клёцкі, сала і бліны, зробленыя з мантажнай пены. Таксама ў пакоі Бердаўскага цэнтра ёсць уборы, фотапавелічальнік для друку вясельных фота, самавары, этажэрка, падарункі і ручнікі.

Вясельныя прадметы сімвалізуюць розныя эпохі: ёсць як надзіманыя лебедзі і вялізныя пярсцёнкі, так і сервант з крышталем ад шклозавода «Нёман».

Камсамольскія вяселлі і больш за 100 гасцей

Аляксандр і Інэса Парфенчыкі распавялі «Гродзенскай праўдзе» пра вясельныя традыцыі, якія мяняліся ў залежнасці ад гістарычных і эканамічных умоў.

Пасля вайны вяселлі былі сціплымі: рытуалы спрашчалі, рабілі іх больш свецкімі. У 50-я з’явіліся салоны для маладых, парам давалі некалькі дзён адгулаў на шлюб.

У наступнае дзесяцігоддзе ладзілі камсамольскія вяселлі — іх арганізоўвалі пры падтрымцы прадпрыемстваў і камсамольскіх арганізацый.

У 1970-1980 вяселлі станавіліся больш пышнымі. У сельскай мясцовасці іх маглі адзначаць па тры і больш дзён, а колькасць гасцей магла перавышаць 100 чалавек.

— Бацькі сустракалі маладых з караваем. Але ў адрозненне ад сучаснай традыцыі маладыя не кусалі хлеб, а цалавалі. А праз тыдзень пасля вяселля маладая жонка накрывала стол, запрашала новых сваякоў і дзяліла каравай, дэманструючы свае гаспадарскія навыкі, — кажуць Парфенчыкі.

Як гулялі вяселлі 70 гадоў таму? Пакажуць на Лідчыне
Аляксандр і Інэса Парфенчыкі. Фота: “Гродзенская праўда”

Навошта маладых пасыпаюць рысам?

Супрацоўнікі музея таксама расказалі аб вясельных абрадах і іх значэнні.

— Вясельная сукенка — абярэг роду. Яго беражліва захоўвалі доўгія гады, перадавалі па роднаснай лініі. Аддаць строй можна было толькі праз 25 гадоў пасля вяселля. Фата лічылася суперабярэгам: верылі, што калі накрыць ёю люльку з нованароджаным, малыш адразу супакоіцца.

Вясельны абрад ахоўваў маладую сям’ю ад бед. Аспарагус (спаржу) клалі пад фату, каб не забралі жаніха. Рыс сімвалізаваў дастатак. Заплятанне валасоў нявесты ў косы — абрад, які сыходзіць каранямі ў славянскія вераванні і бытавы ўклад. Каса ахоўвала нявесту ад сурокаў у самы ўразлівы перыяд пераходу ў новую сям’ю.

— Падчас перадвясельных рытуалаў сяброўкі распляталі нявесце касу, спявалі сумныя песні аб развітанні з роднай сям’ёй. Затым валасы запляталі зноў як сімвал гатоўнасці да замужжа. А пасля шлюбу звычайна валасы пакрывалі хусткай ці іншым галаўным уборам, што падкрэслівала новы статус замужняй жанчыны.

Набліжэнне да дома сватоў было чуваць па званочкам. Разыгрывалі спектакль “выкуп нявесты”. Ніводнае вяселле не абыходзілася без «брамы» – перашкоды на шляху вясельнага картэжа. Дарогу вясельнаму картэжу перагароджвала група людзей, звычайна сталом. І каб працягнуць шлях, маладыя адорвалі цукеркамі, грашыма, спіртным. Гучалі жарты, прымаўкі, прыпеўкі, тосты.

– Сэнс гэтага абраду – выпрабаванне для жаніха. Спосаб праявіць шчодрасць, уменне дамаўляцца. Лічыцца, што шум, музыка, сігналы машын ахоўваюць ад злых сіл. Абрад падкрэсліваў, што вяселле – падзея ўсёй вёскі ці двара, грамадства як бы “санкцыянавала” саюз і жадала маладым дастатку.

Чытайце таксама: Лідскі музей ператварылі ў савецкую кватэру — паказваюць, як лідчане адзначалі Новы год у 60-я гады