У Гродне прадаюць медыцынскі цэнтр, які працуе ў горадзе з 2017 года. Зараз ён аказвае паслугі па дэрматалогіі, гінекалогіі, УЗД-дыягностыцы, хірургіі, касметалогіі і педыятрыі. Аб’ява з’явілася на «Куфары». У ёй назва цэнтра не ўказваецца, але, хутчэй за ўсё, гаворка ідзе пра медцэнтр «БИАР» на праспекце Купалы.
За медыцынскі цэнтр хочуць 150 тысяч рублёў або амаль $50 тысяч. Як пазначана ў аб’яве, медцэнтр — «цалкам самастойны і прыбытковы бізнес».
Плошча цэнтра — 234 кв. м. У ім размешчаны шэсць кабінетаў для аказання медыцынскіх паслуг — кабінет УЗД, два кабінеты для кансультатыўнага прыёму, кабінет гінеколага і два маніпуляцыйныя кабінеты.
Цэнтр укамплектаваны персаналам: працуюць кіраўнік, яго намеснік, больш за 20 медыцынскіх супрацоўнікаў і тры адміністратары.
Частку дапаможных паслуг цэнтр перадаў на аўтсорсінг падрадным арганізацыям. Ёсць неабходнае медыцынскае абсталяванне і ўласны сайт.
Медцэнтр прадавалі пяць гадоў таму
Аналагічная аб’ява ёсць і на сайце па продажы бізнес-нерухомасці. Там указана назва цэнтра — гэта “БИАР”. Мяркуючы па ўсім, яго прадавалі ў 2021 годзе. Тады за бізнес хацелі ў пяць разоў больш — $250 тысяч (каля 740 тысяч рублёў).
Таксама пазначана, што ў 2020 годзе выручка медыцынскага цэнтра вырасла прыкладна на 50% у параўнанні з 2019 годам. Рост адбыўся за кошт павелічэння колькасці пацыентаў — без пашырэння пераліку паслуг.
А ў 2021 годзе планавалася, што таксама будуць працаваць лекары па спецыяльнасцях уралогія, неўралогія і практалогія.
Тады медыцынскі бізнес выставілі на продаж праз рашэнне аднаго з заснавальнікаў выйсці з праекта. У залежнасці ад інтарэсу інвестараў маглі абмяркоўвацца розныя фарматы ўгоды. Зараз таксама магчымы як продаж усёй долі ў бізнесе, так і яе часткі або частак.



